Лукашэнка паводзіць сябе ў «макдональдсе» як у савецкай сталоўцы. І думае, што гэта крута
Праглядзеў відэа з наведваннем Лукашэнкам экс-макдональдса і, як звычайна ў такіх выпадках, не зразумеў, навошта гэта каму трэба. Відавочна гэта задумвалася як рэклама ці то Лукашэнкі як сучаснага і прагрэсіўнага лідара, ці то Мак.бая як суперскай сеткі харчавання, ці то ўвогуле ўсёй беларускай сістэмы. У выніку ж прынамсі што да Лукашэнкі выходзіць хутчэй антырэклама, піша ў фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч.
Ніякай прагрэсіўнасцю нават не пахне — проста ходзіць стары марудлівы дзед па пустым, спецыяльна для яго закрытым на спецабслугоўванне рэстаране, сам праграмны прынцып існавання якога — незвычайныя рухавасць і дынамізм.
Абсалютна іншароднае ён тут цела, нават абслугоўваецца не хоць бы дзеля паказухі каля стойкі, а самім галоўным кухарам каля століка — поўная неадпаведнасць прынцыпам установы. У атачэнні шматлікай чэлядзі, якая таксама за сваімі столікамі сядзіць, з яго вачэй не зводзячы і літаральна ў рот зазіраючы. І, вядома, з нязменным Умкам на століку — як ты без яго куды пойдзеш.
Пры гэтым сам час ад часу адпускае рэплікі, з якіх вынікае, што наведванне не толькі такіх устаноў, але любых рэстарацый увогуле — справа, канешне, не падсудная, але грахоўная. Вы, маўляў, не падумайце, што я нейкі там хадок па рэстаранах — ні ў якім разе. Тут атрута, хай сабе на 96% беларускага вырабу, і калорый шмат — хоць і смачна. Сам амаль нічога і не еў, усё прапагандыстам раздаў. Ну, зразумела, што слабы здароўем, але навошта ўвогуле ўвесь гэты гарод гарадзіць, калі не можаш хаця б на публіку ролю годна сыграць?
Сцэнка каля тэрмінала для заказаў — гэта ўвогуле нешта. Лукашэнку прадаюць як неверагоднае тэхнічнае дасягненне тое, што ў прынцыпе для ўстаноў падобнага кшталту ўжо даўно звычайная з'ява. І тлумачаць на пальцах зусім элементарныя рэчы. А ён какетнічае — маўляў, грошай з сабой не прыхапіў, хай Снапкоў плаціць. Відаць, гэты жарт яму самому здаецца вельмі дасціпным, які набліжае неяк да народа і выклікае сімпатыю. Але ж у рэальнасці якраз наадварот, — падкрэсліваецца, што чалавек жыве ў іншым, паралельным свеце, у якім сам ён ні за што асабіста не плаціць, ды, мабыць, і карткі пры сабе не носіць, калі ўвогуле яе мае — бо навошта?
Карацей, такі натужны піяр, ад якога і сам Лукашэнка наўрад ці атрымлівае задавальненне, і які невядома на якую аўдыторыю разлічаны.
Прыхільнікам Лукашэнкі гэта не трэба — яны яго любяць і будуць любіць зусім за іншае. Праціўнікаў ніякімі целарухамі на свой бок не перацягнеш. А для таго, каб скарыць такімі піяр-акцыямі сэрцы «нейтралаў», трэба ў іх выглядаць натуральна і гарманічна.
Лукашэнка ж, наадварот, выглядае выкапнем, які нават у гэтай па тыпу сучаснай установе ўвесь час апелюе да савецкага досведу як да нечага перадавога. І сам сябе паводзіць у «макдональдсе» як у савецкай сталоўцы. Шчыра думаючы, відаць, што гэта крута і «па-народнаму». Але ў вачах патэнцыйных кліентаў Мак.бая наўрад ці гэта так выглядае.
Чытайце таксама:
Хто тыя дзяўчаты, якія «выпадкова» апынуліся ў Mak.by падчас візіту Лукашэнкі?
Стала вядома, хто распрацаваў софт для тэрмінала, які адмовіўся абслугоўваць Лукашэнку
Пры наведванні Лукашэнкам Мак.бай не абышлося без Умкі на стале ФОТАФАКТ