БЕЛ Ł РУС

Пад Мінскам хочуць пабудаваць царкву ў выглядзе велізарнага звона з цыбулінай

25.03.2026 / 10:00

Ф. Раўбіч

Капліцу ў гонар праведнай Сафіі Слуцкай прапанавалі ўзвесці на могілках каля вёскі Паперня Мінскага раёна. Яе незвычайная форма, відаць, збянтэжыла нават царкоўных экспертаў.

Візуалізацыя эскізнага праекта капліцы з дапамогай нейрасеткі. 

Сінадальны аддзел Беларускай праваслаўнай царквы па царкоўнай архітэктуры і рэстаўрацыі разгледзеў на днях эскізны праект новай капліцы.

Як вынікае з прадстаўленага эскіза, капліца ў гонар праведнай Сафіі Слуцкай павінна з'явіцца на тэрыторыі могілак «Паперня Новыя» (або «Паперня-2»). Гэтыя могілкі знаходзяцца на поўнач ад вёскі Паперня Мінскага раёна, акурат на скрыжаванні трасы Р-58 і Другой мінскай кальцавой аўтадарогі.

Эскізны праект капліцы ў гонар праведнай Сафіі Слуцкай. Фота: sobor.by

Галоўная асаблівасць прапанаванага будынка ў тым, што яго аб'ём мае форму царкоўнага звона. Унутр вядзе высокі ўваходны партал з арачным вітражным шкленнем. Сам асноўны аб'ём не мае іншых бачных аконных праёмаў на галоўным фасадзе, што можа азначаць іх наяўнасць з тыльнага боку для забеспячэння асвятлення. Завяршаецца канструкцыя светлавым барабанам і лускаватым купалам-цыбулінай. Над купалам і ўваходнай групай размешчаны масіўныя металічныя карункавыя крыжы.

Паколькі на абмеркаванне была вынесена голая 3D-мадэль без накладзеных тэкстур, пакуль невядома, з якога менавіта матэрыялу і ў якім колеры планавалася рэалізаваць аб'ект.

Разгляд праекта капліцы на нарадзе аддзела Беларускай праваслаўнай царквы па царкоўнай архітэктуры і рэстаўрацыі. Злева направа: іканапісец і архітэктар Павел Жараў, аўтар праекта Уладзімір Кузьмін, старшыня Сінадальнага аддзела БПЦ па царкоўнай архітэктуры і рэстаўрацыі Генадзь Лаўрэцкі і протаіерэй і духоўнік аддзела Ігар Карасцялёў. Фота: Фота: sobor.by

Аўтарам эскізнага праекта выступіў беларускі архітэктар Уладзімір Артуравіч Кузьмін. Прэзентацыя праекта адбылася ў пачатку лютага ў прыходзе мінскага храма абраза Божай Маці «Усіх гаротных Радасць». Аналіз праекта прадставілі архітэктары Алег Масліеў і Віталь Арабей.

Ацэньвала праект нарада з дасведчаных спецыялістаў, сярод якіх яе старшыня мастацтвазнавец і архітэктар Генадзь Лаўрэцкі, які з'яўляецца дэканам мастацкага факультэта Акадэміі мастацтваў, а таксама протаіерэй і духоўнік аддзела Ігар Карасцялёў, які да прыняцця сану сам працаваў свецкім архітэктарам.

У афіцыйным рэлізе Беларускай праваслаўнай царквы стрымана адзначаецца, што члены аддзела выказалі аўтару прапановы па далейшым праектаванні капліцы. У практыцы архітэктурных саветаў такая фармулёўка звычайна сведчыць пра тое, што праект не быў зацверджаны ў прадстаўленым выглядзе і патрабуе перапрацоўкі.

Відаць, прафесійная рада паставілася да такога прамога капіравання формы звона без асаблівай прапрацоўкі з доляй скепсісу і адправіла эскіз на дапрацоўку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула