БЕЛ Ł РУС

Літовец паехаў наведаць сваякоў у Беларусь — яго арыштавалі і далі 15 гадоў. Кажуць, што за шпіянаж

31.03.2026 / 20:45

Nashaniva.com

Грамадзянін Літвы Міраславас Троцкіс (Міраслаў Троцкі) восенню 2024 года адправіўся ў Беларусь, каб наведаць сваякоў, але дадому не вярнуўся. Нядаўна яму прысудзілі 15 гадоў калоніі.

Міраславас Троцкіс. Фота з ягонага фэйсбука

Міраславасу Троцкісу 35 гадоў. Ён жыў у Вільні, у 2011 годзе скончыў Універсітэт Мікаласа Ромера (MRUni). У інтэрнэце ён заўжды падпісваўся як Міраслаў Троцкі лацінкай ці кірыліцай.

З адкрытых крыніц вядома, што літовец меў цесныя сувязі з Беларуссю. З допісаў у фэйсбуку вынікае, што ён ці то жанаты, ці то заручаны з беларускай, а таксама мае там сваякоў. І яшчэ з маладога ўзросту часта ездзіў у Беларусь.

У тэлеграме Міраслаў быў актыўны толькі ў чатах перасячэння мяжы. У маі 2024 года ён шукаў чалавека, які б пастаяў за яго ў чарзе на мяжы ў пункце пропуску «Шальчынінкай — Беняконі». У іншых сацсетках Міраслава таксама нічога, што рэпрэсіўнае беларускае заканадаўства магло б трактаваць як забароненае.

Увосень 2024 года мужчына чарговы раз паехаў у Беларусь, каб наведаць блізкіх. Падчас гэтай паездкі яго і затрымалі.

Суд над літоўцам адбыўся вясной 2026 года. 11 сакавіка Міраславу вынеслі суровы прысуд — 15 гадоў у калоніі. Ініцыятыва Dissidentby кажа, што акалічнасці справы яшчэ высвятляюцца, але, магчыма, гаворка вядзецца пра «шпіянаж».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула