БЕЛ Ł РУС

Дырэктарка турфірмы, якая не пазнала беларускай мовы, вырашыла адсудзіць 37 тысяч даляраў. Але праз некалькі гадзін перадумала

4.04.2026 / 15:16

Nashaniva.com

Гісторыя вакол дырэктаркі мінскай турфірмы «На вышыні» Ірыны Дуброўскай, якая не пазнала беларускай мовы і адхапіла за гэта хвалю хейту і крытыкі ў сацсетках, атрымала працяг.

Скрыншот з эфіру СТБ

Дуброўская заявіла, што падае ў суд і агучыла прэтэнзіі да карыстальніцы Трэдса на 37 545 даляраў. Маўляў, менавіта на такую суму яна страціла кантракты з-за яе паста. Аднак праз некалькі гадзін Дуброўская перадумала.

У чым сутнасць

Усё пачалося з паста ў Трэдс. Ірына Дуброўская апублікавала фота ўпрыгожанага Мінска да Дня яднання Беларусі і Расіі.

У каментарах ёй задалі пытанне па-беларуску — ці так жа ўпрыгожана Масква.

У адказ яна па-руску напісала:

«Я не ведаю вашай мовы. Пішыце на беларускай ці рускай».

Скрыншоты гэтага адказу разышліся па сацсетках. Каментар дырэктарка турфірмы хутка выдаліла, але абмеркаванне працягнулася, а сама Дуброўская ўключылася ў спрэчкі і пачала актыўна адказваць крытыкам. 

Гэта толькі павялічыла ўвагу да гісторыі і ператварыла адзін каментар у інтэрнэт-скандал.

Пагроза судом

Праз некалькі дзён пасля гэтага Дуброўская вырашыла, што гэтая гісторыя нанесла шкоду яе бізнэсу, і хутка знайшла «вінаватую».

Адна з дзяўчат, якая першай апублікавала скандальны скрыншот, атрымала асабістае паведамленне:

«Пададзены пазоў аб прычыненні шкоды дзелавой рэпутацыі і страты кантрактаў на 37 545 у.а. Бліжэйшым часам вам павінна прыйсці паведамленне ў суд».

І далей:

«Калі вырашылі папіярыцца за мой кошт, мае юрысты проста напісалі пазоў».

Паралельна Дуброўская публічна выказала сваю пазіцыю ў Трэдс:

«Вашымі дзеяннямі нанесена шкода маёй кампаніі. Кожны крок мае свае наступствы. Вы вырашылі папіярыцца за кошт маёй кампаніі, якую я выбудоўваю 8‑ы год запар? Ну давай».

Дзяўчына, якая посціла скрыншот з яе адказам, адказвае стрымана:

«Я ўвогуле не ведаю вашу кампанію і не піярылася. Я выклала агульнадаступны пост і каментары без персанальных даных».

Што адбываецца ў каментарах

Тым часам карыстальнікі Трэдс сталі на бок дзяўчыны, якая выклала пост. Хтосьці іранізуе: 

«То бок непісьменная яна, а вінаватыя вы?»

Хтосьці ставіць пад сумнеў іск:

«У пасце бізнэс не згадваўся».

Іншыя адкрыта высмейваюць сітуацыю:

«Сама зняславілася, сама выставілася на ўсеагульны агляд, сама пакрыўдзілася».

«Калі зняславілася ў інтэрнэце, але гэтага было недастаткова і вырашыла зняславіцца яшчэ і ў жыцці».

Сама Дуброўская на крытыку адказвае лаканічна: «Суд вырашыць».

І працягвае ўступаць у спрэчкі:

«Вы па іску ні адказнік, ні сведка. Проста рохкнулі ў трэдс».

Ёсць нюанс

Праз некалькі гадзін пасля гучных заяў пра суд Дуброўская раптам змяніла тон. Адхапіўшы новай крытыкі, у каментарах яна напісала:

«Я ўжо напісала ёй, што не будзе ніякага пазову. Мне няма калі».

І дадала доўгі эмацыйны пасаж пра тое, што «перш чым «забіваць» бізнэс», трэба «стварыць свой і пагаварыць праз 5 гадоў».

Пры гэтым сама Дуброўская кажа, што скандал пайшоў ёй нават на карысць:

«У мяне ніколі не было такога аншлагу па заяўках. Дзякуй, трэдс».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула