БЕЛ Ł РУС

Трамп можа адкласці ўдары па цывільнай і энергетычнай інфраструктуры Ірана ў апошнюю хвіліну

7.04.2026 / 09:55

Nashaniva.com

Джэй Дзі Вэнс, Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер перакананыя, што яму варта паспрабаваць заключыць пагадненне з Тэгеранам.

Джэй Дзі Вэнс, Дональд Трамп і Джарэд Кушнер, фота Chip Somodevilla/Getty Images

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа адкласці ўдары па цывільнай і энергетычнай інфраструктуры Іран, паведамляе Axios.

Старшы чыноўнік амерыканскай адміністрацыі расказаў Axios, што цяпер прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сутыкаецца з важным рашэннем у сціслыя тэрміны: выканаць сваю пагрозу знішчыць інфраструктуру Ірана або зноў перанесці ўласны тэрмін, каб даць перамовам шанец.

«Калі прэзідэнт убачыць, што пагадненне наспявае, ён, верагодна, пачакае. Але толькі ён і толькі ён прымае гэта рашэнне», — расказаў суразмоўца выдання.

Паводле даных Axios, Трамп займае найбольш ваяўнічую пазіцыю адносна Ірана ў параўнанні з членамі свайго кабінета. Аднак віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, спецыяльны пасланнік Стыў Уіткаф і зяць прэзідэнта Джарэд Кушнер перакананыя, што яму варта паспрабаваць заключыць пагадненне з Тэгеранам.

Адказ іранскага боку на прапанову Вашынгтона аб перамір’і ў Белым доме ўспрынялі не як адмову, а як перамоўны манеўр.

У той жа час дзве неназваныя крыніцы паведамілі выданню, што план маштабнай амерыкана-ізраільскай бамбардзіровачнай кампаніі супраць энергетычных аб’ектаў Ірана гатовы, калі Трамп аддасць загад.

«Трамп пагадзіўся б на пагадненне, калі б яго атрымалі, але невядома, ці гатовы іранцы. Сітуацыя будзе надзвычай напружанай да аўторка (7 красавіка)», — сказаў крыніца ў ЗША, блізкая да Трампа.

Увечары ў панядзелак Трамп назваў новы дэдлайн ультыматуму Ірану: 20‑я вечара аўторка па вашынгтонскім часе (у Мінску будзе трэцяя раніцы серады).

«Да апоўначы заўтрашняга дня кожны мост у Іране будзе цалкам знішчаны, а кожная электрастанцыя ў Іране выйдзе з ладу — яны будуць гарэць, выбухаць і больш ніколі не будуць выкарыстоўвацца. Гэта можа адбыцца на працягу чатырох гадзін, калі мы захочам. Але мы не хочам, каб гэта адбылося», — сказаў амерыканскі лідар.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула