Беларуская ўсяночная на Вялікдзень у Вільні пройдзе ў царкве, уфундаванай Канстанцінам Астрожскім
Гэта храм, які гетман Астрожскі пабудаваў на знак падзякі за перамогу над маскоўскім войскам пад Оршай у 1514 годзе.
У Траецкай царкве ў Вільні. Фота: старонка УГКЦ у Літве ў фэйсбуку
Усяночная — гэта начное набажэнства з працэсіяй. На Вялікдзень яно адбываецца ўначы з суботы на нядзелю. Гэта самае ўрачыстае набажэнства.
Беларуская праваслаўная парафія Вільні — першая, якую ўзяў пад свой амафор Канстанцінопальскі патрыярхат. Гэта быў важны знак, што беларускае праваслаўе, як і ўкраінскае, не канечне мусіць падпарадкоўвацца Маскве. Служаць у парафіі паважаныя святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму пасля 2020 года.
Адрас Траецкай царквы, дзе пройдзе ўсяночная, — Вострабрамская вуліца (Aušros Vartų g.), 7Б. Пачатак а 0:00.
Царква Святой Тройцы ў Вільні, уфундаваная гетманам Канстанцінам Астрожскім. Фота risu.ua
На гэтым месцы калісьці была дуброва. У ёй, па легендзе, у XIV стагоддзі былі забітыя тры віленскія пакутнікі — Антон, Іван і Яўстах. Пабудову царквы на гэтым месцы звязваюць з другой жонкай вялікага князя Альгерда — Уллянай.
На месцы той цэркаўкі з дазволу вялікага князя Жыгімонта Старога гетман Канстанцін Астрожскі і збудаваў у гонар перамогі ў бітве пад Оршай вялікі мураваны храм. Ён паўстаў у стылістыцы беларускай праваслаўнай готыкі: з контрфорсамі, высокім дахам і трохвугольным франтонам.
Царква Святой Тройцы ў Вільні, уфундаваная гетманам Канстанцінам Астрожскім. Першапачаткова яна была збудаваная ў стылі беларускай праваслаўнай готыкі. Фота risu.ua
Адначасова на сродкі Канстанціна Астрожскага быў узведзены і будынак манастыра, які з часам стане базыльянскім. Побач з храмам пабудавана высокая васьмівугольная званіца. Дух розных часоў пакінуў на гэтай бажніцы свой адбітак. Пазней фасады царквы былі перабудаваныя ў руска-візантыйскім стылі, а інтэр'еры ў царкве цяпер — барочныя.
Цяпер царква належыць манахам-васіліянам з Украінскай грэка-каталіцкай царквы, а на Вялікдзень прыме беларусаў.