БЕЛ Ł РУС

Што плануе беларуская моладзь? Дзяўчаты — палепшыць матэрыяльнае становішча, хлопцы — стварыць сям'ю

8.04.2026 / 20:35

Вінцэсь Клепачэня

Даследчыкі Цэнтра новых ідэй правялі апытанне сярод беларускай моладзі і пацікавіліся, сярод іншага, іх планамі на бліжэйшыя гады.

Як адзначаюць аўтары даследавання, у цэлым моладзь ( 18‑35 гадоў) выбірае стратэгію мінімізацыі рызык, а не стратэгію развіцця і росту. Ва ўмовах, калі макраасяроддзе ўспрымаецца як нестабільнае і цяжкапрадказальнае, рацыянальным становіцца прыярытэт асабістых сфер, якія лягчэй кантраляваць.

Так, на першым месцы ў спісе мэтаў апынулася паляпшэнне матэрыяльнага становішча (44%). На другім — клопат пра здароўе і асабісты дабрабыт (32%). Пра намер пачаць або развіваць кар’еру заявілі 28% апытаных. Фактычна кожны чацвёрты суайчыннік імкнецца да спакойнага і размеранага жыцця (24%), а таксама да развіцця творчых ці асабістых праектаў (23%). Столькі ж рэспандэнтаў — 23% — назвалі сваёй мэтай стварэнне сям’і.

Калі глядзець на даныя больш дэталёва, тэма жыццёвых мэтаў аказваецца адной з тых рэдкіх сфер, дзе паміж хлопцамі і дзяўчынамі зафіксавана статыстычна значная розніца.

Менавіта хлопцы часцей за жанчын заяўлялі пра планы стварыць сям’ю — 28% супраць 18%.

А вось для дзяўчат значна больш важным з’яўляецца паляпшэнне матэрыяльнага становішча: пра гэта заявіла кожная другая апытаная. Сярод хлопцаў гэты паказчык значна ніжэйшы.

Пры гэтым стаць бацькамі ў бліжэйшыя 3—5 гадоў плануе толькі адзін з сямі рэспандэнтаў (14% дзяўчат і 15% хлопцаў).

У апытанні ўзялі ўдзел 465 рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Аўтары сцвярджаюць, што даныя былі пераўзважаныя паводле полу і рэгіёна пражывання ў адпаведнасці з афіцыйнай статыстыкай Белстата за 2022 год. Максімальная статыстычная пагрэшнасць складае каля 4,5 працэнтных пунктаў.

Чытайце таксама:

Прапагандысты спыталі ў беларусаў, ці не варта ў краіне заблакаваць YouTube

Апытанне: 46% жыхароў Польшчы адчуваюць непрыязь да беларусаў

Ці хочуць беларусы саюза з Расіяй? Вынікі новага апытання

Каментары да артыкула