БЕЛ Ł РУС

У мінскі офіс архітэктурнай студыі ZROBIM architects прыйшлі сілавікі

9.04.2026 / 17:36

Nashaniva.com

Раніцай 9 красавіка сілавікі прыйшлі ў мінскі офіс вядомай архітэктурнай кампаніі ZROBIM architects. Паводле інфармацыі выдання «Люстэрка» ад дзвюх не звязаных паміж сабой крыніц, затрыманыя ўсе супрацоўнікі, якія знаходзіліся на месцы, — гэта каля 50 чалавек. Прычына цікавасці сілавікоў да кампаніі пакуль невядомая.

Заснавальнікі ZROBIM architects Аляксей Караблёў (злева) і Андрэй Макоўскі (Андрусь Bezdar). Фота: probusiness.io

Як паведамілі «Люстэрку» яго крыніцы, сілавікі прыйшлі ў офіс ZROBIM architects, размешчаны ў Мінску, сёння, 9 красавіка, каля 11‑й гадзіны раніцы.

Паводле наяўнай інфармацыі, былі затрыманыя ўсе супрацоўнікі, якія ў той момант знаходзіліся на рабочых месцах. Гаворка ідзе прыкладна пра 50 чалавек. Сярод затрыманых нібыта і сузаснавальнік — Андрэй Макоўскі.

Таксама, як паведамляюць крыніцы «Люстэрка», на гэты момант недаступны працоўны сервер кампаніі, праз які ў тым ліку работнікі працуюць дыстанцыйна.

Прычыны цікавасці сілавікоў да адной з самых вядомых і паспяховых архітэктурных студый Беларусі на гэты момант невядомыя.

ZROBIM architects — беларуская архітэктурная студыя, заснаваная ў 2011 годзе Андрэем Макоўскім (Андрусь Bezdar) і Аляксеем Караблёвым. Кампанія вядомая сваімі праектамі ў сучаснай архітэктуры і дызайне, працуе як у Беларусі, так і за мяжой.

Студыя актыўна вядзе свае сацыяльныя сеткі і блог, дзе дзеліцца новымі праектамі і навінамі. Кампанія рэгулярна атрымлівае прэстыжныя міжнародныя ўзнагароды. Так, у мінулым годзе іх праект школы ў сталічным мікрараёне Новая Баравая стаў пераможцам IIDA Global Excellence Award 2025 у катэгорыі «Адукацыя».

Чытайце таксама:

Рыта Дакота ўпершыню распавяла, за што беларускія сілавікі схапілі яе маці ў 2022 годзе

Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі

«У калонію заехала жанчына, якая адпраўляла мне мілыя пасылкі». Інтэрв’ю з галоўнай рэдактаркай Tut.by Марынай Золатавай

Каментары да артыкула