Памёр Юрась Нераток
10 красавіка памёр пісьменнік Юрась Нераток, паведаміў пісьменніцкі клуб «Літаратурны экватар». Яму было 64 гады.
Юрась Нераток
Юрась Нераток (па пашпарце Юрый Гарбачоў) нарадзіўся 19 верасня 1961 года ў вёсцы Баяры Мастоўскага раёна ў сям’і настаўнікаў-філолагаў. Дзяцінства правёў у вёсцы Хадакі Івацэвіцкага раёна.
У 1983 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў канструктарам на Мінскім аўтазаводзе, у НВА «Цэнтр», галоўным канструктарам СТДА «Вентура», ТАА «Градзіс», загадчыкам сектара праектавання электрамеханічных кампанентаў Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Быў членам Беларускага саюза архітэктараў.
Друкаваўся ў шматлікіх газетах і часопісах, калектыўных зборніках і альманахах. Аўтар кніг вершаў «Фотаальбом» (2003) і «Споведзь струны» і кніг прозы «Закуцце» (2007) і «Непатрэбныя людзі» (2019). Аўтар і ўкладальнік калектыўнай электроннай паэмы «Буслан і Жамбіла» (2012). Сааўтар (сумесна з Ірынай Карнаухавай і Марынай Шапавалавай) паэтычнага трыялога «Заблытаўся сярод навін» (2017).
Шмат пісаў таксама па-руску — пад псеўданімам Юрый Юлаў.
Быў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам-заснавальнікам народнага клуба паэтаў і кампазітараў «Жывіца». Акрамя літаратурнай творчасці, быў вядомы і як бард.
Юрась Нераток
Развітанне з Юрасём Нератком адбудзецца 13 красавіка ў рытуальнай зале на вуліцы Кульман, 33а ў Мінску, з 10‑й да 11‑й гадзіны. Пахаваны пісьменнік будзе на радзіме — у вёсцы Хадакі Івацэвіцкага раёна.