Журналіст Сяргей Сацук сустракае пяты дзень нараджэння ў няволі. У яго праблемы са здароўем
15 красавіка былому рэдактару «Ежедневника» спаўняецца 58 гадоў. Вядомы журналіст-расследавальнік пяты раз сустракае дзень нараджэння ў няволі.
Сяргей Сацук адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 пад Магілёвам. Паводле былога вязня, які адбываў пакаранне ў той жа калоніі і нядаўна вызваліўся, здароўе Сяргея апошнім часам значна пагоршылася.
«Са здароўем вялікія праблемы. Што да сэрца, лекар сказаў, што яму трэба ставіць кардыёстымулятар, без якога кожны дзень як латарэя. Але ў калоніі ніхто гэта рабіць не будзе. Плюс сур’ёзныя праблемы з падстраўнікавай залозай і пазваночнікам, а ўсе неабходныя лекі дасылаць не дазваляюць. Яму вельмі цяжка», — паведаміла Радыё Свабода крыніца.
Сяргей Сацук, як і іншыя вязні, якія яшчэ не дасягнулі пенсійнага ўзросту, мусіць працаваць на вытворчасці.
«Працуе ў прамзоне, жалеза цягае. Лёгкай працы там няма», — адзначыла крыніца.
Журналіста-расследавальніка, рэдактара беларускага партала «Ежедневник» (ej.by) Сяргея Сацука ў кастрычніку 2022 года асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі і штраф 500 базавых велічынь (тады гэта было 16 тысяч рублёў).
У абвінаваўчым заключэнні супраць журналіста фігуравалі тры артыкулы Крымінальнага кодэкса: артыкул 430 (атрыманне хабару), артыкул 130 (распальванне варожасці ці варожнечы) і артыкул 426 (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў). Праваабаронцы заяўлялі пра наяўнасць палітычнага матыву ў пераследзе журналіста, прызналі яго палітвязнем і дамагаюцца яго вызвалення.