БЕЛ Ł РУС

У Літве апублікавалі шэраг архіўных спраў з фотаздымкамі Яна Булгака

23.04.2026 / 22:29

Nashaniva.com

Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў выклаў 236 спраў з фонду «Віленскае таварыства сяброў навук». Унікальныя матэрыялы ў адкрытым доступе могуць дапамагчы і беларускім даследчыкам, піша «Радыё Свабода».

Здымак з пахавальні ў Кафедральным касцёле Вільні, зроблены паміж 1931 і 1937 гадамі. Аўтар Ян Булгак 

Сярод апублікаваных — фатаграфіі Яна Булгака, на якіх зафіксаваныя міжваенныя археалагічныя раскопкі крыпты каралёў у Кафедральным саборы ў Вільні і парэшткі манархаў. Адна з серый здымкаў падпісаная як «Фота руін Віленскага кафедральнага касцёла, базілікі, крыптаў каралёў: Аляксандра Ягелончыка, Барбары Радзівіл і іншых, падзямелляў і іншых да ачысткі ад апалай вапны, падчас работ і пасля рэстаўрацыі».

Ян Булгак — вядомы беларускі і польскі фотамастак і этнограф ХІХ і ХХ стагоддзяў, які паходзіў з Наваградчыны. Вядомы не толькі як майстар краязнаўчай фатаграфіі, але і як педагог, бібліёграф, фалькларыст, гісторык мастацтваў, першы беларускі гісторык фатаграфіі. Ён аўтар дзясяткаў артыкулаў пра беларускі фальклор і краязнаўства («Экскурсіі на Свіцязь», 1910; «Велікодныя песні на Міншчыне (валачобнікі)», 1911 і інш.), прац пра мастака Фердынанда Рушчыца, даследаванняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Яму належыць адмысловая праца «Пра першых віленскіх фатографаў з XIX стагоддзя» (1939) і кніга ўспамінаў «Край дзіцячых гадоў», у якой адлюстравана жыццё Наваградчыны канца XIX — пачатку XX ст.

Творчасць Яна Булгака паўплывала на развіццё мастацкай фатаграфіі Беларусі, Польшчы і Літвы.

У склепе Кафедральнага касцёла

Тэма крыптаў Кафедральнага касцёла абвастрылася ў красавіку 2026 года, пасля таго, як Саўлюс Подзерыс, які раней займаўся пошукам каралеўскіх інсігній у Катэдры, паведаміў публічна, што парэшткі вялікага князя літоўскага Вітаўта маглі быць выяўленыя яшчэ ў 1931 годзе ў віленскай Архікатэдры і ляжалі ў адной крыпце разам з парэшткамі князя Аляксандра Ягелончыка.

Паводле навукоўца, парэшткі Вітаўта, імаверна, і цяпер знаходзяцца ў сталічнай святыні.

«Мы ўжо вызначылі месца, дзе можа знаходзіцца гэты шкілет. Патрэбная толькі палітычная воля, дазволы і ўсе неабходныя працэдуры — і яго можна знайсці», — адзначыў даследчык.

Подзерыс сцвярджае, што існуюць абгрунтаваныя падазрэнні: у 1931 годзе, пасля вялікай вясновай паводкі, у Катэдры былі знойдзеныя чатыры каралеўскія пахаванні — Аляксандра Ягайлавіча, Альжбеты Габсбуржанкі, Барбары Радзівілянкі і Вітаўта Вялікага.

У архівах даследчык знайшоў дакументы, якія сведчаць, што ў той час планавалася паставіць саркафагі для чатырох асоб, але ўладам Польшчы, у склад якой тады ўваходзіла Вільня, паведамілі толькі пра тры знойдзеныя пахаванні. Яшчэ ў 1806 годзе пралат Катэдры Францішак Ксаверы Богуш пісаў у лісце, што ў крыпце Аляксандра пахаваны таксама і Вітаўт, аднак паказаць гэтае месца яму не змаглі.

Гіпотэзу пра чатыры пахаванні пацвярджаюць негатывы, якія Подзерыс знайшоў у архіве ў Гданьску. На іх зафіксаваны рамонт Катэдры і будаўніцтва каралеўскага маўзалея. На адным здымку бачныя тры шкілеты, на іншым — чатыры.

Чытайце таксама:

У Літве збіраюцца даказаць, што парэшткі князя Вітаўта ляжаць у крыпце Віленскай катэдры

«Дажынкі». Загадка падзабытай карціны Рушчыца

«Каштоўную паштоўку мінулага стагоддзя знайшоў на сметніку». Калекцыянер Віталь Мурашкевіч — пра сваё хобі

Каментары да артыкула