БЕЛ Ł РУС

Генштаб УСУ заявіў пра атаку і пажар на стратэгічна важным Яраслаўскім НПЗ

26.04.2026 / 12:54

Nashaniva.com

Улады рэгіёна паведамляюць пра «адбітую атаку».

Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што ў ноч на нядзелю беспілотнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у Яраслаўлі. Паводле заявы ўкраінскага боку, у выніку ўдару на прадпрыемстве пачаўся пажар.

Камандаванне Украіны падкрэслівае, што гэты НПЗ з'яўляецца стратэгічным аб'ектам, які штогод перапрацоўвае каля 15 мільёнаў тон нафты.

Губернатар Яраслаўскай вобласці Міхаіл Яўраеў пацвердзіў факт масіраванай атакі, аднак заявіў, што яна была адбітая сіламі СПА і радыёэлектроннай барацьбы яшчэ на падлёце да горада. Паводле слоў кіраўніка рэгіёна, пацярпелых няма. Пра тое, ці былі зафіксаваныя пашкоджанні на тэрыторыі самога завода, Яўраеў удакладняць не стаў.

Яраслаўскі нафтаперапрацоўчы завод («Слаўнафта-ЯНОС») з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Расіі і крытычна важным для паставак паліва ў цэнтральныя рэгіёны краіны. Гэта не першая спроба з боку УСУ атакаваць прадпрыемства, што знаходзіцца за 700 км ад Украіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула