БЕЛ Ł РУС

У мінскім аэрапорце шукалі халеру

28.04.2026 / 15:57

Nashaniva.com

У Нацыянальным аэрапорце Мінск прайшлі вучэнні па лакалізацыі і ліквідацыі асяродку інфекцыйнага захворвання. Паводле сцэнару, у аднаго з пасажыраў выявілі сімптомы хваробы, падобнай да халеры, піша прэс-служба аэрапорта.

Здымак ілюстрацыйны

Падчас мерапрыемства адпрацоўвалі ўзаемадзеянне паміж усімі службамі і ведамствамі, якія павінны дзейнічаць у такой сітуацыі. Мэтай было праверыць гатоўнасць хутка выявіць пагрозу, ізаляваць хворага і не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі.

У ходзе вучэнняў адпрацавалі цеплавізійны кантроль пасажыраў, візуальны агляд і збор першаснай інфармацыі. Пасля выяўлення ўмоўна хворага чалавека яго агледзелі медыкі, апыталі, аказалі дапамогу і паставілі папярэдні дыягназ «халера». Таксама выклікалі хуткую дапамогу.

Адначасова ўсе задзейнічаныя структуры атрымалі паведамленне пра здарэнне: медыкі, адміністрацыя аэрапорта, памежнікі, мытня, міліцыя і авіякампанія.

Супрацоўнікі, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі сітуацыі, адзелі супрацьэпідэмічныя ахоўныя касцюмы. Асобна адпрацавалі выгрузку багажу кантактных пасажыраў, яго размяшчэнне ў спецыяльным боксе і дэзінфекцыю.

Пасажыраў рэйса, якія кантактавалі з магчымым хворым, сабралі, апыталі, запоўнілі анкеты і накіравалі ў ізалятар для назірання. Самога пасажыра з падазрэннем на халеру часова змясцілі ў ізалятар санітарна-каранціннага пункта, дзе яму аказвалі дапамогу.

Таксама былі праведзеныя дэзынфекцыйныя мерапрыемствы ва ўсіх памяшканнях і транспарце, што выкарыстоўваліся падчас сцэнарыя.

У вучэннях удзельнічалі спецыялісты Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, медыцынская служба грамадзянскай авіяцыі, супрацоўнікі аэрапорта, прадстаўнікі «Белавія», памежнай службы, мытні і міліцыі.

Чытайце таксама:

Пасля падаражання праезду маршрутка ў аэрапорт Мінск каштуе ў два разы танней, чым аўтобус. Як такое атрымалася?

Нямецкі ўладальнік крамаў Duty Free у аэрапортах Літвы вядзе бізнэс і ў Беларусі

«Белавія» пераходзіць на летні расклад

Каментары да артыкула