БЕЛ Ł РУС

Турагенцтвы паведамляюць пра адмену рэйсаў у Тайланд. Магчыма, гэта рэха вайны ў Іране

1.05.2026 / 19:26

Nashaniva.com

Турагенты і тыя, хто планаваў правесці адпачынак у Тайландзе ў найбліжэйшы месяц, паведамляюць у сацсетках пра адмену прамых рэйсаў у Патаю і Пхукет з Мінска. Што здарылася, піша Onliner.

«З 12 мая адмянілі прамыя рэйсы ў Патаю з Мінска. Але гэта мы перажывём — зімой, спадзяёмся, гэты кірунак вернецца», — напісала ўчора ў Threads студыя падарожжаў Mallina Travel.

Журналісты звязаліся з прадстаўнікамі турагенцтва і спыталі пра меркаваныя прычыны адмены рэйсаў. Там адзначылі, што рашэнне з боку айчыннай авіякампаніі было лагічным, маўляў, скончыўся сезон. «З Масквы прамыя рэйсы былі, і ў некаторых аператараў яны пакуль застаюцца», — дадалі ў кампаніі.

У пасце турыстычнага агенцтва «Находка» мільгаюць іншыя даты: «Учора знялі рэйсы ў Патаю з Мінска (вылеты з 14.05), сёння — у Пхукет (вылеты з 17.05)». 

У агенцтве выданню сказалі наступнае:

— Завяршэнне высокага сезона ў Тайландзе і зніжэнне эканамічнай эфектыўнасці перавозак. Хутчэй за ўсё, галоўная прычына — рэзкі рост кошту авіяпаліва ў Азіі з-за падзей у Іране.

Таксама ў агенцтве ўдакладнілі: кампанія «Аэрабелсэрвіс» (адзін з вядучых беларускіх тураператараў і авіяброкераў) 24 красавіка таксама папярэдзіла пра адмену ўсіх рэйсаў у Дананг (В’етнам). Там спаслаліся на «неспадзяваныя эканамічныя абставіны».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула