БЕЛ Ł РУС

Адстаўны міністр-карупцыянер прадае рэспектабельны катэдж каля Драздоў. Просіць $2 мільёны

7.05.2026 / 09:00

Аўгіння Якімук

У 2018 годзе Уладзімір Патупчык вылецеў з міністэрскага крэсла за карупцыю: Лукашэнка абвінаваціў яго ў спрыянні незаконнаму сямейнаму бізнэсу. Але нерухомасць у элітным раёне сталіцы ў чыноўніка засталася. Праўда, цяпер суседзі глядзяць на яго звысоку — у літаральным значэнні слова.

Уладзімір Патупчык

Зямлю пад будаўніцтва дома Уладзімір Патупчык атрымаў у 2012 годзе — тады ён быў сенатарам, а пасаду міністра энергетыкі атрымаў праз год.

Фота тут і далей: realt.by

Участак далі ў водаахоўнай зоне за «Мінск-Арэнай», на вуліцы Мястраўскай. Патупчык аказаўся суседам групы банкіраў на чале з Пятром Пракаповічам і Паўлам Калаўрам. Побач будаваўся і збеглы кіргізскі прэзідэнт Курманбек Бакіеў.

Афармляючы дакументы на дом, Патупчык запэўніў рэгістратара, што будаваў катэдж за ўласныя грошы, без прыцягвання льготнага крэдыту.

Кадастравы кошт тых 14 сотак зямлі, якая дасталася яму, складаў $225 тысяч.

Цяпер Патупчык спрабуе прадаць элітную нерухомасць — за $2 мільёны

На ўчастку плошчай 14 сотак пабудаваны дом плошчай 280 квадратаў і гасцявы домік на 70 квадратаў.

У галоўным доме на першым паверсе — прасторная кухня, сумешчаная з велізарнай гасцінай. Таксама тут ёсць кабінет.

Дзякуючы фотаздымкам на сайце нерухомасці мы можам пабачыць, як жыла сям'я міністра. Усе дызайн-рашэнні на ўзроўні сярэдзіны 2010-х.

На другім паверсе знаходзяцца чатыры спальныя пакоі. Майстар-спальня плошчай каля 22 квадратаў мае свой ванны пакой (больш за 16 квадратаў) і два гардэробы (па 6 квадратаў).

Тры іншыя спальні маюць больш сціплыя памеры — 19, 15 і 13 квадратаў. Санвузел для іх агульны.

Самы вялікі пакой, імаверна, некалі належаў сыну Сяргею — на гэта намякае спартыўны комплекс на адной са сценак. Дарэчы, некалькі гадоў таму маладога мужчыну, які ў той час займаў пасаду намесніка генеральнага дырэктара па эканоміцы «Беларуснафты», затрымлівалі па палітычных матывах і далі суткі.

Дачцэ Патупчыка, падобна, дастаўся пакой у колерах Барбі — кіслотна ружовыя сцены ды шпалеры з буйнымі кветкамі ўражваюць.

Самая маленькая спальня, імаверна, для гасцей — там нават ложка няма, толькі канапа.

На гэтым жа паверсе размешчана і пральня.

У рэкламнай аб'яве падкрэсліваецца: дом будаваўся для ўласнага пражывання, таму ўлічваліся ўсе нюансы для камфорту.

У гасцявым доміку ёсць тэраса з камінам, кухня з гасцінай, прыбіральня, душ, саўна.

Адзначаецца таксама, што два дамы займаюць плошчу не больш за 5 сотак, таму можна падзяліць участак і пабудаваць яшчэ адзін катэдж.

На ўчастку выкананы ландшафтны дызайн. Высаджаны дэкаратыўныя і пладовыя расліны. Па ўсім участку, а таксама прылеглай тэрыторыі з боку вуліцы разведзены аўтапаліў.

Адметна, што, калі Патупчык толькі атрымаў зямлю, вакол была толькі малапавярховая забудова. Цяпер жа адразу за элітным катэджам бахнулі 26‑павярховы будынак. Яго жыхары могуць нават без бінокля назіраць за тым, як бавіць час міністр у сваім дамку. Гэты ж высачэзны дом таксама адрэзаў Патупчыка ад вадасховішча Дразды, да якога каля 400 метраў.

Уладзімір Патупчык нарадзіўся ў 1958 годзе ў Светлагорску. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1980) і Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі (2002).

У 1980—1984 працаваў на Мазырскай ЦЭЦ, Светлагорскай ЦЭЦ і на «Гомельэнерга», у 1984—1990 — у Светлагорскім гаркаме КПБ. У 1990—1998 — намеснік старшыні Светлагорскага савета народных дэпутатаў, намеснік мэра Светлагорска. У 1998—2001 — старшыня камітэта Гомельскага аблвыканкама, у 2001 — мэр Мазыра, у 2001—2004 — віцэ-губернатар Гомельшчыны. У 2004—2006 — памочнік прэзідэнта (інспектар па Мінску). У 2006—2009 — міністр працы і сацыяльнай абароны, у 2009—2010 — віцэ-прэм’ер. У 2011—2012 — віцэ-спікер савета рэспублікі. У 2013—2018 — міністр энергетыкі.

Чытайце таксама:

Чуткі: адстаўлены міністр энергетыкі Патупчык зарабіў мільёны даляраў на пастаўках вугалю з ЛДНР у Еўрасаюз?

Як чыноўнікі становяцца мільянерамі. Прыклад знятага за карупцыю міністра энергетыкі Патупчыка

Затрыманы сын былога міністра энергетыкі Сяргей Патупчык — другі чалавек на «Беларуснафце». І яшчэ шэраг менеджараў

Сын экс-міністра Патупчыка выйшаў на волю, але вылецеў з пазіцыі другога чалавека ў «Беларуснафце»

Каментары да артыкула