БЕЛ Ł РУС

Маштабная паветраная атака на рэгіёны Расіі за 4 дні да параду. У Чувашыі гарыць завод ВПК

5.05.2026 / 08:13

Nashaniva.com

Буйная атака на РФ адбылася ноччу: выбухі ў Татарстане, пажар на гіганцкім НПЗ і выбухі за 2000 км ад фронту. У некаторых рэгіёнах атака дронамі працягваецца і ранкам. 

Чэбаксары. Скрыншот з відэа, размешчанага ў мясцовых чатах

Ноч з 4 на 5 мая стала напружанай для расійскай сістэмы СПА. Паветраная пагроза ахапіла адначасова мінімум 18 рэгіёнаў краіны — ад памежных абласцей да глыбокага тылу ў Сібіры.

Асноўнымі мэтамі начнога налёту сталі аб'екты энергетыкі і ваенна-прамысловага комплексу.

У горадзе Кірышы Ленінградскай вобласці пасля ўдару беспілотнікаў успыхнуў пажар на тэрыторыі «Кірышынафтааргсінтэз». Гэта адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў у Расіі. Спадарожнікавая сістэма NASA Firms зафіксавала магутныя цеплавыя выкіды ў прамзоне. Губернатар рэгіёна заявіў пра збіццё 18 БПЛА, а таксама пацвердзіў факт узгарання.

У Чэбаксарах (Чувашыя) пад удар трапіў завод «ВНІІР-Прагрэс», які вырабляе электратэхнічнае абсталяванне для расійскага ВПК.

У горадзе прагрымела серыя выбухаў, працавала СПА. У выніку атакі ў Чэбаксарах пацярпелі найменей тры чалавекі. Атака на горад працягваецца.

Упершыню з пачатку вайны рэжым ракетнай небяспекі быў уведзены ў Ханты-Мансійску (ХМАО). Гэты рэгіён знаходзіцца за 2000 кіламетраў ад мяжы з Украінай.

Сірэны таксама гучалі ў Татарстане, Башкартастане, Самарскай, Пензенскай, Свярдлоўскай і Чалябінскай абласцях. Паветраная пагроза выклікала маштабныя збоі ў працы транспарту. Агулам абмежаванні на палёты ўводзіліся ў 18 аэрапортах краіны. Сярод іх Казань і Ніжнякамск, Ніжні Ноўгарад, Уфа, Самара, Перм, Валгаград, Саратаў, Пскоў.

Гэтая атака паказала пашырэнне геаграфіі ўдараў: калі раней пад атакай, у асноўным, была еўрапейская частка Расіі, то цяпер пад пагрозай апынуліся прамысловыя цэнтры Урала і Сібіры.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула