БЕЛ Ł РУС

Севярынец расказаў, як і навошта рэзаў сабе руку на Акрэсціна ў 2020‑ым

5.05.2026 / 10:10

Nashaniva.com

Палітык Павел Севярынец патлумачыў свой адчайны пратэст у карцары ізалятара на Акрэсціна ў чэрвені 2020 года. Ён таксама расказаў, як хрысціянскі светапогляд паўплываў на ягонае рашэнне пакалечыць сябе, каб спыніць катаванні.

Спачатку — трохі турэмнай тэорыі.

Калі трапляеш у турму, рана ці позна паўстаеш перад фактам: з табой могуць зрабіць усё, што заўгодна, а ты не можаш зрабіць з гэтым анічога.

Твае словы, звароты, просьбы, патрабаванні ў лепшым выпадку ігнаруюцца, а ў большасці выпадкаў — пагаршаюць тваё становішча.

І тады людзі пагражаюць забіць сябе. «Ускрываюцца» — рэжуць сабе рукі, вены, горла, жывот.

У Гародні мне даводзілася сядзець у камеры ШІЗА, вышэй чалавечага росту запырсканай па ўсіх сценах крывёй (з ускрытых венаў і артэрыяў сіфоніць, як фантан).

На «ўскрыццё» грамадзянін начальнік абавязаны рэагаваць. Бо гэта надзвычайнае здарэнне. Вязень можа памерці альбо трапіць у шпіталь. Трэба зашываць. Трэба тлумачыць вышэйшаму начальству, што здарылася. Прыедзе Следчы камітэт. Будуць лямантаваць сваякі. І хаця сістэма ў большасці выпадкаў «адмазвае» сваіх супрацоўнікаў ды, канечне, звальвае віну на самога вязня — нікому не трэба лішні «галаўняк».

«Ускрыццё» — гэта апошняя, адчайная спроба вязня дамагчыся хоць нейкай змены прынятага па табе рашэння.

Усё гэта я ведаў. У тэорыі. Але да практыкі за папярэднія гады не даходзіла. У 2020 годзе на Акрэсціна дайшло.

Сяджу, значыць, у карцары. Бетонная скрыня. Ніякіх рэчаў. Вады няма. Спаць немагчыма. «Ачко» тхне. У суседняй камеры гэтак жа мучаюць Волю Мікалайчык. На просьбы, патрабаванні і крыкі моўчкі грукаюць у дзверы, аж здрыгаецца ўся твая цесная канура: цыц, бо зараз увалім. Дзень, два, тры, чатыры.

Ускрываемся. Добра, але як ускрывацца хрысціяніну? Самагубства — смяротны грэх. Нельга забіваць сябе. Значыць, трэба пашкодзіць сваё цела без пагрозы жыццю.

Доктар Лукаш Война-Ясенецкі, знакаміты праваслаўны святы родам з Беларусі часоў Сталіна, рэзаў сабе горла сталовым нажом (падчас бясконцых начных допытаў НКВД запатрабаваў сабе ежы, маўляў, пасля людскага абеду гатовы ўсё падпісаць) – і допыты спынілі.

Падчас мінулых адседак я бачыў, як рэжуць сабе рукі спрактыкаваныя зэкі — рэзка паласуюць перадплечча альбо запясце, каб паболей крыві, ці то лязом ад станка («мойкай»), ці то адбітым кавалкам пліткі, ці то заточаным краем металічнай міскі альбо лыжкі падчас абеду.

У мяне ў дзвярных кратах карцара (бо дзверы ў ізалятарах двайныя — акрамя акаванай дзвярной пліты яшчэ абавязкова дзверы-краты) на самым замку былі шрубы, зрэзаныя баўгаркай — рваныя металічныя краі. Адразу прыгледзеў на крайні выпадак. Пасуе.

Памаліўся Богу. Левую руку да шрубаў, ад локця і ніжэй — пайшоў. Раз, два, тры. Метал рэжа цела, нібы масла. Кроў цячэ. Крыві шмат, гэта добра. Барабаню ў дзверы:

— Уключыце ваду! Вярніце рэчы! Выводзьце з карцара суседку! Ускрыўся — вы будзеце адказваць!

Прыбягае змена (мабыць, глядзелі камеру) — кантралёр, дзяжурны, доктар. Глянулі вочка, хутчэй адмыкаюць першыя дзверы. Доктар з ёдам і бінтамі праз краты:

— Давай сюда руку, быстра!

— Выводзьце!

Рука ўся ў крыві ад локця да далоні. Мяне пачынае трохі хістаць. Дзяжурны, напалоханы, пачынае клясціся:

— Мы не можем вывесті! Сейчас найдём начальніка, его же нет в учрежденіі, доложім, всё будет хорошо, дайте остановіть кровь!..

— Выводзьце мяне і суседку!

— Обещаю! Бегу докладывать!.. Слово офіцера!..

Карацей, добра, думаю. Тэст ёсць. Дакладзе начальству. Калі дамагуся — добра. Калі нічога не зменіцца — значыць, чакаюць, пакуль сам сябе заб'ю. Тады стоп. Даю руку.

Доктар апрацоўвае руку, разглядвае і расчаравана басіць:

— Э-э-э, тут не смертельно.

Ну, думаю, вам было б супер адразу і «смертельно». Але цяпер ваш ход, грамадзяне начальнікі.

Пра тое, чаго я дамогся сваім ускрыццём — наступным разам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула