БЕЛ Ł РУС

У абласных гарадах Беларусі прарасійскія актывісты правялі «Бессмяротныя палкі»

9.05.2026 / 15:48

Nashaniva.com

Прарасійскім актывістам удалося далучыць шэсце «Бессмяротны полк» да афіцыйнай акцыі «Беларусь памятае» ў абласных гарадах Беларусі. Пра гэта паведамілі расійскае пасольства ў Беларусі і прадстаўніцтвы «Рассупрацоўніцтва». Пры гэтым беларускія дзяржаўныя медыя пра «Бессмяротны полк» амаль не згадвалі, піша Reform.news.

«Бессмяротны полк» у Гродне

У Гродне аб’яднаную калону ўзначалілі прадстаўнікі расійскага генконсульства і «Рускага дома». Паводле арганізатараў, у шэсці ўдзельнічала шмат людзей з партрэтамі сваіх родных, якія ваявалі ў Другой сусветнай вайне. Падчас шэсця гучалі вядомыя ваенныя песні, якія ўдзельнікі спявалі разам.

«Бессмяротны полк» у Гродне

У Віцебску ў акцыі, што прайшла ў межах «Беларусь памятае», удзельнічалі супрацоўнікі расійскага пасольства.

«Бессмяротны полк» у Віцебску 9 мая 2026 года. Фота: t.me/RusEmbassyMinsk

Пра падобнае шэсце паведамілі таксама ў Брэсце, дзе разам ішлі ўдзельнікі дзвюх акцый, прадстаўнікі дэлегацый і жыхары горада.

«Бессмяротны полк» у Брэсце

У Магілёве, паводле расійскага пасольства, у мерапрыемстве ўдзельнічалі не толькі мясцовыя жыхары, але і госці з Масквы.

У Гомелі ў шэсці «Бессмяротнага палка» ўдзельнічалі супрацоўнікі расійскага пасольства і «Рускага дома». Арганізатары падкрэслівалі, што акцыя сімвалізуе памяць пра перамогу і пераемнасць пакаленняў.

«Бессмяротны полк» у Гомелі

Мяркуючы па фота і відэа з падзей, нідзе гэтыя акцыі не былі асабліва шматлікія.

Sputnik Беларусь таксама апублікаваў відэа з Мінска, дзе ўдзельнікі акцыі расказвалі пра сваіх сваякоў, што ўдзельнічалі ў вайне. У кадры былі людзі з партрэтамі родных і Іосіфа Сталіна.

Раней прарасійскі актывіст Андрэй Герашчанка заклікаў беларускія ўлады афіцыйна ўключыць «Бессмяротны полк» у акцыю «Беларусь памятае». Ён сцвярджаў, што гэта павінна падкрэсліць адзінства Беларусі і Расіі ў святкаванні Дня Перамогі. Паводле яго, такі фармат ужо выкарыстоўваўся ў 2024 і 2025 гадах.

Разам з тым нядаўна стала вядома, што Мінгарвыканкам не дазволіў правядзенне асобнага шэсця «Бессмяротнага палка» ў Мінску 9 мая.

Чытайце таксама:

У Мінску не дазволілі правесці шэсце «Бессмяротнага палка»

Свята-Елісавецінскаму манастыру забаранілі праводзіць на 9 мая выставу зброі. Але затое будуць вучыць рубанню шашкай

У анексаваным Крыме адмовіліся ад правядзення парада на 9 мая і акцыі «Бессмяротны полк»

Каментары да артыкула