Беларус, які адсядзеў у Тамбове, завіс між небам і зямлёй — Расія хоча дэпартаваць, а Беларусь пытаецца: хто гэта?
Юрый Мельнікаў цалкам адбыў свой тэрмін, але яго не вызвалілі, а закінулі ў цэнтр утрымання замежнікаў.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: ОнлайнТамбов
У пачатку 2026 года ў расійскім Тамбове ніяк не маглі прыдумаць, што рабіць з беларусам Юрыем Мельнікавым. Нюанс у тым, што ён сябе лічыць грамадзянінам Беларусі, а вось Беларусь яго не прызнае.
Мельнікаў адсядзеў у Тамбове за асабліва цяжкае злачынства. Дакладны тэрмін невядомы, але гэта дакладна больш за пяць гадоў.
10 лістапада 2025 года ён вызваліўся з папраўчай калоніі №5 у Тамбоўскай вобласці, але яго не адпусцілі на свабоду. Мельнікава чакала дэпартацыя на радзіму, бо яму паставілі забарону на знаходжанне ў Расіі на дзесяць гадоў.
Але выслаць Мельнікава не атрымалася. На запыт паліцыі Генеральнае консульства Беларусі адказала, што сярод уліковых запісаў грамадзян Беларусі гэты Мельнікаў не значыцца. А таму выдаць яму пасведчанне на вяртанне немагчыма.
У выніку Мельнікаў завіс у цэнтры ўтрымання замежнікаў на некалькі месяцаў — пакуль Расія і Беларусь не апазнаюць яго дакладна і не вызначацца, чый ён.
Чым скончылася справа, пакуль невядома.