БЕЛ Ł РУС

Блогерка, што пераехала з Піцера пад Мінск, скардзіцца, што ніводзін забудоўшчык не звярнуўся да яе па рэкламу

11.06.2026 / 16:12

Nashaniva.com

Блогерка выклала пра гэта допіс у трэдс, аўдыторыя ўзнялася на дыбкі. Але селядцы і Nissan яна піярыць паспяхова.

Фота: скрыншоты з акаўнта alenaglod у інстаграме

Блогерка не разумее забудоўшчыкаў

«Трошкі пра сітуацыйны маркетынг у Беларусі. Я блогерка. Паўгода выбірала сабе кватэру, ездзіла па розных забудоўшчыках, гэта значыць, была рэальным кліентам з грашыма.

Колькі ЖК напісалі з камерцыйнай прапановай / купілі ў мяне рэкламу / прапанавалі супрацоўніцтва? Нуль», — паскардзілася ў Трэдс блогерка.

Фота: скрыншот з старонкі @alenaglod у трэдс

Аўдыторыя Трэдс меркаванне блогеркі не падзяліла

«Калі яшчэ карацей — у аддзелах маркетынгу ЖК працуюць кампетэнтныя спецыялісты, якія разумеюць, што аўдыторыя, якая падпісалася за розыгрыш вафельнiцы ў гіве, — не іх мэтавая аўдыторыя», — напісаў адзін з каментатараў і набраў за суткі амаль 2600 лайкаў, што зрабіла яго самым папулярным у галінцы. І гэта пры тым, што сам допіс Алены мае ўсяго 137 падабаек.

Іншыя тлумачаць адсутнасць цікавасці да яе асобы з боку забудоўшчыкаў тым, што рынак жылля ў Беларусі настолькі раскручаны, што блогерка са 100 тысяч (у Алены 121 тысяча ў інстаграме — НН) падпісчыкаў нічога ім не зможа прапанаваць.

«Асабліва ўлічваючы, што вы не профільны блогер, які зможа сапраўды якасна прадаць прадукт і ў якога профільная аўдыторыя», — піша іншы каментатар.

«А што вы ім хацелі прапанаваць? Цяпер кватэры і так разыходзяцца як гарачыя піражкі, нават рэкламаваць не трэба», — напісала іншая каментатарка.

«Алена, подбегам глянула ваш блог: куча пярэстай рэкламы, накрутка, сам фармат блога — пра ўсё і ні пра што. Вы можаце колькі хочаце фантазіраваць, але людзі ж не дурні. Ну якое з вамі супрацоўніцтва ад забудоўшчыка?» — задаецца пытаннем іншая дзяўчына.

Фота: скрыншот з акаўнта alenaglod у інстаграме

Адзін з каментатараў звярнуў увагу, што блогерцы варта было самой праявіць ініцыятыву пры пошуку рэкламадаўца.

«Вы не казалі, што шукаеце кватэру. Купілі і абвясцілі пра факт. Ці вас павінен быў пазнаць кожны менеджар па продажах нерухомасці і зрабіць царскую прапанову?

Ну, мабыць, не настолькі вы крутая, або на рынку хапае экспертаў з напрацаванай рэпутацыяй, да якіх даверу куды больш, чым да блогера, які то макарону рэкламуе, то панчохі, то яшчэ якую невядомую праплачаную фігню», — напісаў карыстальнік.

Фота: скрыншот з акаўнта alenaglod у інстаграме

Хто такая Алена Глод?

Жанчына родам з Расіі. Калі ёй было 24 гады, выйшла замуж і пераехала з Санкт-Пецярбурга ў Беларусь. Жыве тут ужо 13 гадоў.

Алена актыўна пачала весці свой блог з лета 2017 года, калі з сям'ёй перабралася ў Заслаўе. Тады маладая маці ў дэкрэце расказвала пра будаўніцтва.

Як распавядае сама Алена, блог патроху рос, і яна пачала знаёміцца з іншымі беларускімі блогерамі і правяла свой першы сумесны розыгрыш. Па словах Глод, тыя блогеры ўжо мелі даходы з рэкламы, але з ніхто з беларускіх брэндаў не хацеў супрацоўнічаць з ёй, бо на той момант 80% яе аўдыторыі былі з Расіі.

Таму яна пачала актыўна працаваць над тым, каб нарошчваць менавіта беларускую аўдыторыю.

Фота: скрыншоты з акаўнта alenaglod у інстаграме

Праз нейкі час яна сапраўды знайшла беларускіх падпісчыкаў і пачала атрымліваць рэкламныя прапановы ад мясцовых брэндаў.

Фота: скрыншоты з акаўнта alenaglod у інстаграме

Рэкламы ў Алены Глод сапраўды шмат

Рэклама ў Алены з'яўляецца даволі часта. Яна рэкламуе касметыку, марожанае, селядцы, аўтакоміс, акцыі ў «Еўраопце», артыкулы з OZON і нават дылера Nissan у Мінску.

Цяпер у блогеркі 121 тысяча падпісчыкаў у інстаграме, амаль 21 тысяча ў трэдс і 5400 у тэлеграме, дзе Алена дзеліцца ў тым ліку думкамі і асабістым.

Апошні допіс у яе тэлеграм-канале прысвечаны сітуацыі ў Піцеры, дзе жывуць яе бацькі. І ён даволі праўдзівы.

Фота: скрыншот з тэлеграм-канала «Алена Глод за кадром»

«У які агідны час мы жывём і як быццам без надзеі на ранейшае выдатнае мірнае жыццё», — скардзіцца блогерка, апісваючы навіны з Пецярбурга.

«Мае бацькі жывуць у месцы, якое бясконца пад атакай. Ужо нават прывыклі, але сітуацыя толькі пагаршаецца, становіцца больш небяспечнай, хто чытаў навіны — ведае», — напісала яна ў сваім тэлеграм-канале.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула