БЕЛ Ł РУС

«Чакалі 2 гады. Віза — на 9 дзён». Як беларусы цяпер прабіваюцца ў Еўропу

10.06.2026 / 19:02

Nashaniva.com

Віза для беларусаў пасля 2022‑га — гэта цяжка, доўга ці дорага, нярэдка ўсё разам. Умовы квэсту змяняюцца, але пераважна не ў лепшы бок. Выданне Devby.io сабрала апдэйты і кейсы 2026 года.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Эксперты: праз Іспанію «рызыка адмовы мінімальная», а амбасада Італіі — «самая шчодрая»

Візавыя эксперты ў Threads раяць падацца праз Іспанію, бо «рызыка адмовы мінімальная». Пры гэтым запісацца можна цягам 1‑2 месяцаў, разгляд дакументаў зойме да 6 тыдняў, а візу дадуць на 1‑3 месяцы.

Амбасада Італіі — таксама варыянт, на думку аднаго з карыстальнікаў сацсеткі. Яна «самая шчодрая»: у чысты пашпарт ставіць візы на 3‑6 месяцаў (хоць і даты пад паездку таксама бываюць), калі ёсць пацвярджэнне знаходжання ў Італіі, могуць на 1‑3 гады даць. Дакументы разглядаюць 2 тыдні. Аднак падача магчымая, калі ёсць нумар у жывой чарзе.

А вось нямецкая амбасада «стала ставіць дрэнна»: «нават калі ёсць пацвярджэнне, што людзі ездзілі раней у Германію, даюць пад паездку або на 3 месяцы, радзей — ад паўгода да двух гадоў». Пры гэтым чакаць падачы давядзецца 15‑18 месяцаў.

Яшчэ адзін візавы эксперт таксама адзначае, што самы хуткі і недарагі варыянт цяпер — праз Грэцыю, лепш пад тур, але «гарантый атрымання няма» і ў гэтым выпадку. Хоць «у сезон адмоў менш».

Іспанцы, паводле яго слоў, адкрываюць першую візу ў сярэднім на 30 дзён, наступную — на 3 месяцы, і так па ўзрастаючай. Але і ад іх можна чакаць сюрпрызаў. «Як пашанцуе» адкрываюць і французы.

Нямецкі шэнген: «Чакала даты на падачу з кастрычніка 2024 года, атрымала ў красавіку»

Іна чакала даты на падачу на нямецкую візу з кастрычніка 2024 года, атрымала ў красавіку — на год.

«Падача ўжо ў амбасадзе была нескладанай: мы прыдумалі маршрут, пераклалі ўсё на нямецкую — і прыйшлі з поўным пакетам дакументаў. Таксама да яго прыклалі чэкі з папярэдняй паездкі ў Германію і квіткі (раней у нас была віза на год па запрашэнні)».

Іна кажа, што запісвалася праз сістэму анлайн-запісу.

«Пасля таго, як ты паспяхова ўнясеш усе неабходныя даныя, на пошту прыйдзе пацвярджэнне запісу. А далей чакаеш ліста з датай падачы. Тэрміны ўва ўсіх вар'іруюцца (здаецца, яны залежаць ад мэты паездкі) — ад года да двух гадоў. Пасля атрымання даты візіт неабходна пацвердзіць, перайшоўшы па спасылцы».

Яна таксама запісалася на падачу ў амбасаду Германіі ў кастрычніку 2024 — і каля месяца таму атрымала візу на 2 гады. Валерыя запісалася ў ліст чакання ў жніўні ўсё таго ж 2024 года, падавалася ў канцы студзеня. Вынік — далі візу на 30 дзён, хоць дзяўчына разлічвала на большае, бо ў яе было запрашэнне ад сяброў.

Карыстальніца Threads Маргарыта пасля двух гадоў чакання атрымала нямецкі шэнген на яшчэ меншы тэрмін — 9 дзён. А іншая карыстальніца Ірына — на 5 гадоў, у яе было запрашэнне ад сяброўкі, і гэта яе пятая нямецкая віза.

Іспанскі шэнген: «на 3 месяцы ў чысты пашпарт», але ў некага і адмова

Яўгеніі зрабілі сёлета іспанскі шэнген — на 3 месяцы ў чысты пашпарт: дакументы ёй падрыхтавалі ў агенцтве, на падачу запісалі за 1,5 тыдня — дзяўчына заплаціла за гэта 550 рублёў.

Арсеній падаваўся сам праз VIP-залу візавага цэнтра Іспаніі, бо там «месцаў заўсёды больш», і вынік той жа — у пашпарце віза на 3 месяцы з двухразовым уездам. Ён рэкамендуе ўступіць у групу ў тэлеграм і прытрымлівацца гайдаў — яны вельмі падрабязныя.

Соф'я таксама падавалася сама. Праз 5 тыдняў чакання атрымала візу на месяц (хоць спадзявалася на 3), іншых віз у дзяўчыны раней не было.

Вользе пашанцавала менш — яна спрабавала адкрыць іспанскую візу для сябе і пажылой маці праз памагатараў, але атрымала адмову. У агенцтве, з якім працавала дзяўчына, толькі рукамі развялі.

Італьянскі шэнген: «У чарзе на ганку толькі тыя, у каго ёсць нумар», але можна і з турам

Усе суразмоўцы, якія атрымалі італьянскі шэнген, — з той самай «сшыткавай» чаргі. Да студзеня 2025 года ў візавы цэнтр Італіі можна было запісацца па жывой чарзе — але затым рэгістрацыю такім шляхам прыпынілі і аднавілі толькі ў лістападзе.

А з 1 ліпеня запіс і прыём заявак будзе рабіць візавы цэнтр VF Worldwide на вуліцы Максіма Танка ў Мінску.

«Цяпер у чарзе на ганку толькі тыя, у каго ёсць нумар у журнале, — як правіла, ад 40+ тысяч», — расказвае Ангеліна.

Яна сама атрымала візу ў студзені, запісалася яшчэ восенню 2024 года — але потым планы змяніліся, і яна не спрабавала высвятляць, што з яе нумарам, вырашыла, што «прапаў». Аднак калі дзяўчына зноў загарэлася ідэяй зрабіць візу, знаёмыя параілі ёй падысці ў візавы цэнтр і паспрабаваць. Вынік — віза на 2 гады. Раней у Ангеліны была гадавая віза. Ёсць пацвярджэнне знаходжання ў Італіі.

Іван таксама атрымаў італьянскі шэнген — на 3 месяцы. Ён кажа, што вывучыў чаты ў тэлеграме і зразумеў: найлепшы варыянт — купіць аўтобусны тур. «Так, не вельмі камфортна, але затое візу робяць альбо бясплатна, альбо за сімвалічныя грошы». Таксама зрабіла і Вольга: яна палічыла, колькі ашчадзіць, калі будзе займацца арганізацыяй свайго падарожжа сама, і прыйшла да высновы, што прасцей купіць аўтобусны тур на тыдзень.

«Я заплаціла 700 еўра, плюс консульскі і сэрвісны збор — а ў Threads памагатары толькі за візу просяць 900 еўра».

Настасся ў 2024 годзе запісалася і ў «сшытак» у візавым цэнтры Італіі, і ў чаргу ў амбасадзе Германіі. У выніку італьянскі шэнген ёй далі ў канцы мінулага года — у чысты пашпарт, а цяпер яна чакае, што вось-вось будзе дата падачы на нямецкі.

Грэчаскі і венгерскі шэнген: каму вярнулі пашпарты без віз, а каму — далі візу на 3 гады

Наталля зрабіла грэчаскую візу сама — сабрала дакументы і запісалася праз сайт. На гэта, паводле слоў дзяўчыны, пайшоў адзін вечар, дата падачы была праз тыдзень. У выніку яна атрымала візу пад даты паездкі — на 14 дзён.

А вось карыстальніца Threads Марына скардзіцца, што ёй і сыну вярнулі пашпарты без віз — хоць яны падавалі дакументы пад аўтобусны тур у Грэцыю. Тлумачэнняў ніхто не даў. Рашэнне можна абскардзіць, але Марына не хоча, бо гэта робіцца на грэчаскай мове.

Вольга атрымала ўзімку венгерскі шэнген — пад тур. Ёй далі візу пад даты паездкі, але ў іх групе былі і людзі, якія атрымалі на большы тэрмін, «максімальна — на год». Дзяўчына кажа, што спачатку планавала падавацца сама, але не змагла злавіць слоты. А потым палічыла, што з турам і шанцаў на станоўчы вынік будзе больш.

А яшчэ адна Наталля, купіўшы тур у Венгрыю, у сакавіку атрымала візу на 3 гады.

Французскі шэнген: «Прыклалі стос выпісак і скрынаў, а ў выніку атрымалі візы на месяц»

Амбасада Францыі ў лютым змяніла працэдуру падачы заявак на атрыманне візы, перадала функцыі па запісе кампаніі TLScontact.

Кацярына падавалася ў канцы зімы. Дзяўчына купіла аўтобусны тур — і атрымала візы на 10 дзён. Аднак яна лічыць, што гэта дрэнны вынік, бо ў яе ў пашпарце ўжо была шэнгенская віза на 1,5 года, і яна разлічвала на большае.

«У агенцтве мне сказалі, што Францыя дае мінімум на паўгода, а тым, у каго ўжо былі візы, — на тры. А тут такое расчараванне».

Карыстальніца Threads Галіна таксама купіла тур у Францыю, «каб далі нармальную візу». У пашпарце ў яе ўжо ёсць паўгадавая віза ад французаў, атрыманая пад тур, і дзве іспанскія — па 3 месяцы. У выніку ў маі яна атрымала візу на 15 дзён.

Алег таксама незадаволены: падаючыся на візы ў французскую амбасаду (па запрашэнні ад сяброў), яны з жонкай прыклалі «цэлы стос выпісак і скрынаў», якія пацвярджаюць, што яны неаднаразова былі ў Парыжы. А ў выніку атрымалі візы на месяц.

«Нас з жонкай папярэджвалі: французы больш любяць чыстыя пашпарты, а італьянцы — з гісторыяй падарожжаў. Нашы сябры рабілі пад тур у Італію (бо нумаркоў з «жывой чаргі» ў іх не было) — і ім далі візы на год. Але мы палічылі, што ў французскай амбасадзе ацэняць нашую лаяльнасць. Дарма!

Затое запісаліся хутка — цягам аднаго вечара (дакладней, ночы), слот атрымалі на наступны дзень, ну і даты падачы давялося пачакаць крыху больш за два месяцы».

Ганна падавалася ў французскую амбасаду ў кастрычніку мінулага года (купіла тур) — атрымала візу на 6 месяцаў у чысты пашпарт. Цяпер хацела б паўтарыць гэты досвед, але, «начытаўшыся паведамленняў у чатах, пабойваецца», што так надоўга не дадуць.

Чытайце таксама:

Хітры беларус змяніў імя і прозвішча, каб абысці забарону на ўезд у Фінляндыю. Але не пракаціла

Амбасада Германіі заявіла пра намер скараціць час чакання шэнгенскіх віз

За 2025 год беларусы атрымалі 152 тысячы шэнгенскіх віз

«Пасля пяцігадовай візы далі на тры месяцы». Як беларусы цяпер атрымліваюць шэнген

Каментары да артыкула