Лідары краін G7 дамовіліся павялічыць пастаўкі Украіне сістэм СПА і ракет-перахопнікаў
Таксама яны заявілі пра гатоўнасць разгледзець магчымасць прадастаўлення ліцэнзій на іх вытворчасць непасрэдна ва Украіне.
Фота: Isabel Infantes — Pool/Getty Images
Акрамя таго, лідары пагадзіліся аказаць падтрымку для ўмацавання энергетычнай устойлівасці Украіны перад наступнай зімой. Таксама G7 абавязалася ўзмацніць ціск на расійскую ваенную эканоміку шляхам пашырэння санкцый супраць нафтавага і газавага сектараў Расіі, піша «Украінская праўда».
У заяве лідары «Сямёркі» пацвердзілі непахісную салідарнасць з украінскім народам на фоне сістэматычных расійскіх удараў па крытычнай інфраструктуры і аб’ектах культурнай спадчыны. Яны высока ацанілі стойкасць Украіны і поспехі Сіл абароны на полі бою на працягу апошніх месяцаў.
«З мэтай падтрымкі і паскарэння гэтага новага імпульсу мы дамовіліся павялічыць пастаўкі сродкаў супрацьпаветранай абароны, дадатковых сістэм і ракет-перахопнікаў, а таксама сродкаў далёкага радыусу дзеяння. Мы таксама гатовы разгледзець магчымасць прадастаўлення Украіне адпаведных ліцэнзій, каб садзейнічаць павелічэнню аб’ёмаў ваеннай вытворчасці ва Украіне», — гаворыцца ў заяве.