Шалёна папулярны карэйскі серыял ад Netflix пра школьны булінг — хто здзекаваўся з аднакласнікаў, павінен прайсці праз такое ж прыніжэнне
«Сапраўдная адукацыя» (Teach You A Lesson) два тыдні трымаецца ў сусветным топе Netflix і абганяе бліжэйшага пераследніка амаль у дзесяць разоў.
Фота: кадр з трэйлера
Паўднёвая Карэя тоне ў школьным булінгу. Яшчэ ў 2004‑м там прынялі закон датычна гвалту ў школах, але і дагэтуль карэйскіх дзяцей настолькі цкуюць, што даводзяць некаторых з іх да суіцыдаў.
Праблема настолькі вялікая, што знайшла адлюстраванне ў папулярнай культуры. Netflix не ўпершыню здымае серыял пра цкаванне ў карэйскіх школах, але іх цяперашняя прэм’ера, «Сапраўдная адукацыя» (Teach You A Lesson), атрымала небывалы поспех.
Праект, які вырас з комікса, трымаецца на першым радку сусветнага топа Netflix для неангламоўных серыялаў і мае зайздросныя 21 мільён праглядаў за два тыдні. Каб было зразумела, яго пераследнік, серыял «Мая каралеўская Немезіда», за шэсць тыдняў набраў толькі 2,7 мільёна праглядаў, а лідар топа англамоўных серыялаў, «Сведка», за два тыдні ў топе можа пахваліцца 10 мільёнамі праглядаў.
Дык пра што ж тая «Сапраўдная адукацыя»?
Пак Тэсок і Кім Кёнмін — вучні звычайнай карэйскай школы і ахвяры здзекаў ад мясцовага мажора — сына палітыка — і яго сяброў. Падлеткаў б’юць, здымаюць з імі здзеклівыя відэа, а іншыя вучні ці падтрымліваюць лідара зграі, ці самі баяцца даць яму адпор, пакуль адна з ахвяр не вытрымлівае і рашаецца на страшны крок. Тым часам мажор, здаецца, нікога не баіцца: тата выратуе ад наступстваў, а на яго мове здзекаў ніхто з ім размаўляць не будзе.
Фота: кадр з трэйлера
Ці будзе? Проста перад дзясяткамі школьнікаў з’яўляецца невядомы супергерой у чорным касцюме, які без сумневаў раздае дзецям аплявухі, калі аматары цкаваць аднакласнікаў не разумеюць па-іншаму. На Хваджын, так клічуць супергероя, мае на гэта ўсе правы. Ён — супрацоўнік БАНА, Бюро адукацыйнага нагляду, якое створанае, калі верыць яму, каб дапамагчы карэйскім школам даць рады булінгу.
Вядома, людзі з БАНА былі б не супраць, калі б дзеці прыслухоўваліся да ўгаворванняў і можна было б паберагчы фізічную сілу. Але ж карэйскія школьнікі-мажоры ўжо нічога не баяцца, і таму На Хваджын з калегамі не стрымліваюць сябе. Калі мажор выкідае ежу ў школьнай сталовай, На Хваджын штурхае яго проста ў бок сметніцы. А пакуль той ляжыць на падлозе ў рэштках ежы, пакрывае яго галаву такой жа швабрай, як тая, што сын палітыка прымушаў насіць на галаве сваю ахвяру.
Вядома, На Хваджын — не адзіны, хто працуе ў БАНА. Ёсць там, напрыклад, міністр, які адказвае за сувязі з грамадскасцю, ёсць яшчэ завучка-айцішнік і дзяўчына-спецназаўка.
У «Сапраўднай адукацыі» 10 серый, і падчас іх дзеянне пераходзіць з адной школы ў іншую. На Хваджын з кампаніяй працуюць з дзецьмі, якія інакш не даюць рады наркотыкам, не паважаюць выкладчыкаў, а бацькі абіраюць бок гарэзаў і не зважаюць на тое, што малым трэба вучыцца, а не шукаць сабе апраўданні.
Фота: кадр з трэйлера
У наш час прынята лічыць, што дзіця заўжды мае рацыю, і для некаторых бацькоў такі падыход перарастае ва ўсёдазволенасць. Стваральнікі «Сапраўднай адукацыі» прапануюць іншы варыянт і ідуць нашмат далей, чым можна сабе ўявіць. Тут не проста раздаюць штурханцоў тым, хто не слухаецца, тут самавольства На Хваджына выкручанае на максімум, і часам страшна ўжо не за ахвяр булінгу, а за жыццё тых, хто іх цкаваў.
На думку На Хваджына, такі падыход апраўданы. Каб тыя, хто здзекаваўся з аднакласнікаў, вывучылі свой урок, ім трэба прайсці праз тое ж прыніжэнне, якое яны зладзілі сваім ахвярам. Цела запомніць, кажа галоўная зорка БАНА, і калі дарослыя пачнуць баяцца дзяцей, гэты свет вырачаны.
Пры гэтым На Хваджын — не монстр. Калі ён сустракае вучня ў цяжкай сітуацыі, які больш не можа вытрымаць цкавання, то не шкадуе сіл і тлумачыць хлопцу, як сябе паводзіць у такіх сітуацыях. А потым упэўнівае, што пра такую бяду можна казаць дарослым, бо як бы ні падавалася інакш, ёсць дарослыя, якім не ўсё роўна.
Калі шмат дзяцей ва ўсім свеце выхоўваюць ва ўсёдазволенасці, нездарма, што і настаўнікам ад іх дастаецца. У «Сапраўднай адукацыі» іх нарэшце пачулі і прапанавалі хуткі метад вырашэння праблемы — ва ўсякім разе, больш дзейсны, чым простыя размовы. І вядома, у сапраўдным свеце ніякая камісія не дазволіць збіваць хуліганаў, але ў Паўднёвай Карэі ўжо прапануюць стварыць структуру накшталт БАНА.
Для калектывісцкай Карэі — усё-ткі Усход! — падыход БАНА цікавы яшчэ і праз тое, што арганізацыя бунтуе супраць тамтэйшых традыцый. Чаму б не падумаць пра рэпутацыю школ, навошта выносіць смецце з хаты? Як толькі можна брацца за шкадлівага сына палітыка, няўжо ў БАНА не баяцца праблем і не хочуць захаваць з палітыкам добрыя сувязі? А вось і не баяцца, бо наркотыкі і суіцыды ў школах — гэта важна, бо за дзецьмі будучыня.
Фота: кадр з трэйлера
«Сапраўдная адукацыя» знятая вельмі дынамічна. Пастаянна з'яўляюцца новыя персанажы, а пастаянныя героі прапісаныя і сыграныя цікава, ёсць і трохі жартаў, і рамантычная лінія. Дадатковы плюс — справядлівасць у серыяле нярэдка перамагае, хаця ўсіх і не выратаваць, і глядзець на гэта прыемна.
Гэты серыял можа нагадаць іншы хіт ад Netflix — брытанскі праект «Пераходны ўзрост» 2025 года пра булінг і падлеткавае злачынства. Зняты ў іншым канцы свету, расплюшчвае вочы бацькоў на тое, што, магчыма, яны не чуюць сваё дзіцё, не ведаюць, што баліць у яго ўнутры. На шчасце, гэта выправіць можна і без штурханцоў.
Чытайце таксама:
10 фільмаў пра Другую сусветную вайну, якія асвятляюць падзеі з розных бакоў
Біяграфічны фільм пра Майкла Джэксана б'е рэкорды глядацкіх сімпатый
Новы фільм «Нэтфлікса» б’е рэкорды праглядаў, хоць крытыкі яго залажалі