Самкі птушак здраджваюць партнёрам, каб спарвацца з больш разумнымі самцамі
Высока ў гарах Сьера-Невада на захадзе ЗША мясцовыя сініцы выжываюць дзякуючы здольнасці памятаць тысячы месцаў, дзе яны схавалі запасы ежы на зіму. Новае даследаванне паказала, што гэтая выключная памяць павышае не толькі іх шанцы на выжыванне, але і поспех у размнажэнні.
Гаічка Гамбела. Фота: Wikimedia Commons
Навукоўцы ўжо даўно звярнулі ўвагу на гаічку Гамбела (Poecile gambeli) — від з сямейства сініцавых, які насяляе горныя рэгіёны захаду Паўночнай Амерыкі ад паўднёвага Юкона да Каліфорніі і Тэхаса. Гэтыя птушкі не здзяйсняюць далёкіх сезонных пералётаў, утвараюць доўгатэрміновыя пары і год за годам займаюць адну і тую ж тэрыторыю, разам перажываючы суровыя горныя зімы.
Выжыванне гаічак Гамбела шмат у чым залежыць ад прасторавай памяці. Кожнай восенню яны хаваюць насенне па ўсёй сваёй тэрыторыі, а зімой, калі іншай ежы амаль не застаецца, павінны знаходзіць гэтыя схованкі — да 1000 штук! — пад снегам.
Папярэднія даследаванні паказалі, што ў гаічак Гамбела існуюць індывідуальныя адрозненні ў прасторавай памяці. Птушкі, якія найбольш эфектыўна знаходзяць свае запасы ежы, часцей перажываюць першую зіму і ў сярэднім жывуць даўжэй.
Акрамя таго, гэтая здольнасць часткова перадаецца па спадчыне і звязана з генамі, якія ўплываюць на развіццё гіпакампа — аддзела мозга, адказнага за прасторавую памяць. Такія вынікі падштурхнулі даследчыкаў да новага пытання. Калі добрая памяць настолькі важная для выжывання і перадаецца нашчадкам, ці можа яна ўплываць і на поспех у размнажэнні?
Каб адказаць на гэтае пытанне, як піша Earth.com, даследчыкі некалькі гадоў назіралі за дзікай папуляцыяй гаічак Гамбела ў паўночнай Каліфорніі. Спачатку трэба было ацаніць прасторавую памяць кожнай птушкі.
Для гэтага навукоўцы выкарысталі сістэму «разумных» кармушак, развешаных у лесе. Кожная кармушка счытвала электронную пазнаку птушкі, але толькі адна з некалькіх кармушак была замацаваная за канкрэтнай асобінай і выдавала ўзнагароду — семечка сланечніка.
Каб атрымаць ежу, птушка павінна была запомніць, якая менавіта кармушка прызначана для яе. Чым больш памылковых кармушак яна наведвала перад тым, як знайсці патрэбную, тым горшымі лічыліся яе вынікі.
За чатыры дні выпрабавання адны гаічкі хутка запаміналі патрэбнае месца і амаль не памыляліся. Іншыя працягвалі наведваць чужыя кармушкі раз за разам. Так даследчыкі атрымалі аб'ектыўную ацэнку памяці кожнай птушкі.
Гаічка Гамбела. Фота: Wikimedia Commons
Здрады здараюцца часцей, чым чакалася
Разам з тэстамі на памяць даследчыкі правялі генетычны аналіз бацькоўства на працягу трох сезонаў размнажэння. Яны параўноўвалі сапраўднага бацьку кожнага птушаняці з сацыяльным самцом, які яго гадаваў.
Вынікі аказаліся нечаканымі. Каля траціны ўсіх даследаваных птушанят — 222 з 732 — былі народжаныя не ад таго самца, які даглядаў гняздо. Прыкладна ў 70% гнёздаў знаходзілася хаця б адно птушаня ад іншага бацькі.
Вастрыня розуму дапамагае заваёўваць дадатковых партнёрак
Аказалася, што такія выпадкі адбываліся не выпадкова. Бацькамі пазашлюбнага патомства часцей за ўсё станавіліся самцы, якія паказалі найлепшыя вынікі ў тэстах на памяць. Найбольш здольныя «вучні» маглі пакінуць пасля сябе шэсць-сем дадатковых птушанят за сезон, тады як самцы з найгоршымі вынікамі — толькі аднаго або двух.
Пры гэтым не спрацавала і даволі звыклая для жывёльнага свету схема, калі перавагу атрымліваюць старэйшыя і больш вопытныя самцы. У гаічак Гамбела рэпрадуктыўны поспех вызначаўся не ўзростам, а здольнасцю добра арыентавацца ў прасторы.
Страта бацькоўства нічога не каштуе
Можна было б чакаць, што самец, які шукае сувязяў на баку, будзе грэбаваць уласным гняздом. Аднак даныя не выявілі такіх страт.
Самцы, якія станавіліся бацькамі чужых птушанят, выгадоўвалі ва ўласным гняздзе столькі ж малых, колькі і тыя, хто не меў поспеху на баку. Паміж дзвюма групамі не было розніцы ні ў памеры вывадка, ні ў вазе птушанят.
Больш за тое, самцы з лепшай прасторавай памяццю ў сярэднім выхоўвалі цяжэйшых птушанят, а большая маса цела ў раннім узросце павышае шанцы на выжыванне.
Разумнейшы каханак перамагае
Галоўная выснова даследавання палягала ў тым, што калі ў гняздзе знаходзіліся пазашлюбныя птушаняты, іх сапраўдны бацька амаль заўсёды дэманстраваў лепшую прасторавую памяць, чым сацыяльны партнёр самкі.
Пры гэтым верагоднасць страціць частку бацькоўства ніяк не залежала ад памяці самога самца. Значна важнейшай аказалася іншая акалічнасць: самкі, якія горш спраўляліся з тэстамі на памяць, часцей мелі пазашлюбнае патомства.
Даследчыкі мяркуюць, што такія самкі могуць шукаць разумнейшых партнёраў, каб кампенсаваць уласныя кагнітыўныя недахопы і перадаць нашчадкам больш карысныя спадчынныя якасці. Паколькі гены, звязаныя з прасторавай памяццю, не залежаць ад полу, іх могуць успадкаваць як сыны, так і дочкі, самка са слабой памяццю можа даць свайму нашчадству рэальную перавагу, спарваючыся з больш разумным самцом.
Аўтары даследавання лічаць, што атрымалі адно з самых пераканаўчых сведчанняў таго, што палавы адбор можа непасрэдна ўплываць на развіццё інтэлектуальных здольнасцяў у дзікай прыродзе. Калі раней было вядома, што добрая памяць дапамагае гаічкам выжываць, то цяпер стала ясна: яна таксама дапамагае ім пакідаць больш нашчадкаў.
Інакш кажучы, эвалюцыя ўзнагароджвае разумных птушак двойчы — спачатку магчымасцю перажыць зіму, а потым і большымі шанцамі перадаць свае гены наступнаму пакаленню.
Чытайце таксама:
Як птушкі арыентуюцца падчас пералётаў? Навукоўцы прапануюць адказ
На аддаленым востраве ў Інданезіі зноў пабачылі вельмі рэдкага папугая
Драма ў жывым эфіры: чорны бусел прагнаў ад гнязда арлана-белахвоста ВІДЭА