У расійскай Пензе прайшлі масавыя аблавы на мужчын, якія не сталі на вайсковы ўлік
Жанчыны паспрабавалі адбіць іх у сілавікоў.
17 чэрвеня ў сацыяльных сетках з’явілася відэа, на якім людзі ў вайсковай форме саджаюць у мікрааўтобус мужчын. Жанчыны, якія акружылі машыну, крычаць, што тых прымусілі падпісаць кантракт, плачуць, а потым становяцца перад мікрааўтобусам, не даючы яму з’ехаць, піша «Медуза».
«Медыязона» высветліла, што ролік зняты каля будынка ваенкамата Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў Пензы.
У горадзе нібыта праходзяць масавыя аблавы з удзелам супрацоўнікаў ваенкамата.
Па словах аднаго са сведкаў, аўтамабілі ДПС і некалькі мікрааўтобусаў знаходзіліся каля кінатэатра «Сучаснік» у самым цэнтры горада. У мясцовых тэлеграм-каналах пішуць, што аблавы адбываліся таксама ў раённых цэнтрах — Камянцы і Кузнецку.
У Расгвардыі 18 чэрвеня адрапартавалі, што на дарогах Пензы прайшоў «міжведамасны рэйд па выяўленні грамадзян, якія не сталі на вайсковы ўлік». Дзевяці грамадзянам уручылі позвы.