«Людзі працягваюць браніраваць». Што адбываецца з турамі праз Расію пасля ўдару па аўтобусе ў Бранскай вобласці
«5% адмяняюць».
Пасля інцыдэнту з ударам БПЛА па аўтобусе з рэчыцкімі школьнікамі ў Бранскай вобласці беларускія турфірмы пачалі змяняць маршруты праз Расію.
Дырэктар «Славія Тур» Дзмітрый Мілаванаў у сацсетках паведаміў, што ўсе маршруты тураў у Грузію і назад цяпер будуць пралягаць у аб’езд Браншчыны: аўтобусы паедуць праз Смаленскую і Тульскую вобласці, піша Onliner.by.
— Пасля гэтага [аўтобусы] трапляюць у Варонеж, затым на трасу M4 і рухаюцца ўжо да Верхняга Ларса па ёй. Гэта падаўжае шлях у сярэднім на 4—5 гадзін, але бяспека пасажыраў перадусім, таму будзем пакуль ездзіць так, — пракаментаваў перавозчык.
Пра змяненне маршрутаў паведаміла і кампанія «Анита Бай».
Турфірма таксама павезла беларусаў у Грузію, Адыгею, Дагестан і Дамбай праз Смаленскую і Тульскую вобласці.
Падрабязнасцямі з Onliner падзялілася намесніца дырэктара «Аніта Бай» Ганна Слажанікіна:
— Мы правялі аналіз лагістыкі новага маршруту і выбралі аптымальны варыянт для аб’езду. Дарога па тэрыторыі Беларусі аптымізавана такім чынам, каб не ствараць дадатковай часавай нагрузкі для турыстаў, якія пачынаюць маршрут з Мінска або раней. Расійскі ўчастак пракладзены ў аб’езд Бранскай вобласці.
Першы аўтобус адправіўся па новым маршруце ўчора: фактычнае павелічэнне часу ў дарозе да першай начоўкі ў гатэлі склала дзве гадзіны.
Для турыстаў з выездам з Гомеля прапрацаваны варыянты далучэння да групы без дадатковых выдаткаў з іх боку.
Кампанія атрымала значную колькасць зваротаў ад кліентаў, якія плануюць летні адпачынак; усе запыты апрацоўваюцца ў працоўным парадку. Пры гэтым доля адмен запланаваных паездак застаецца невысокай.
Аналагічны маршрут для паездак у Грузію, Геленджык і рэгіёны Каўказа выбраў тураператар «Спёка Трэвел». Прадстаўнікі кампаніі таксама ў адной з тэматычных галінаў у Threads падзяліліся інфармацыяй пра колькасць адмен тураў:
— 5% адмяняюць. І ў той жа час людзі працягваюць браніраваць.