БЕЛ Ł РУС

Беларусы з Польшчы пабылі рускімі ў фільме, які ўзяў прыз у Канах. Стужцы прарочаць намінацыю на «Оскар»

20.06.2026 / 16:04

Ф. Раўбіч

У польскіх кінатэатрах стартаваў пракат новага фільма аскараноснага рэжысёра Паўла Паўлікоўскага «Ojczyzna» («Айчына»). Стужка, якая расказвае пра пасляваенную Германію і нядаўна ўзяла прыз на Канскім кінафестывалі, мае і беларускі след: для запісу саўндтрэка стваральнікі запрасілі беларусаў з Падляшша і Варшавы.

Томас Ман і яго дачка Эрыка, ролі якіх у фільме выканалі Ганс Цышлер і намінантка на «Оскар» Сандра Гюлер. Кадр з фільма

Пра незвычайны досвед супрацоўніцтва з сусветным кінематографам расказаў выданню «Беларускае Радыё Рацыя» беларускі грамадскі дзеяч з Падляшша Максім Фіёнік.

Як высветлілася, да працы над музычным афармленнем карціны былі далучаныя браты Максім і Эліяш Фіёнікі, яшчэ адзін музыка з Бельска-Падляшскага, а таксама вядомы беларускі спявак і фалькларыст Сяржук Доўгушаў.

«Нейкім чынам да нас датэлефанаваўся чалавек з прадукцыі, які спытаў, ці ёсць у нас гурт з Падляшша, які спявае і грае. І так атрымалася, што мы паехалі разам у нямецкі Веймар. Гэта наша падляска-беларуская група: я, мой брат, яшчэ адзін сябра з Бельска, а таксама Сяргей Доўгушаў і хлопцы з варшаўскага гурта Kasary», — расказаў Максім Фіёнік.

Гурт Kasary, які быў заснаваны ў Варшаве ў канцы 2023 года музыкам Сержуком Доўгушавым, займаецца адраджэннем менавіта беларускіх традыцыйных мужчынскіх спеваў (рэкруцкіх, бяседных, лірычных). За кароткі час цалкам беларускі гурт стаў лаўрэатам польскіх конкурсаў, такіх як Stara Tradycja і Nowa Tradycja.

Але спяваць ім давялося зусім не беларускі фальклор. Паколькі дзеянне фільма часткова адбываецца ў савецкай зоне акупацыі Германіі, еўрапейскім кінематаграфістам спатрэбіліся аўтэнтычныя славянскія галасы для выканання рускіх песень.

Максім Фіёнік адзначае, што папрацаваць на адной пляцоўцы з зоркамі еўрапейскага кіно, такімі як Сандра Гюлер, было надзвычай цікава.

«Мы гралі рускіх, якія засталіся ва ўсходняй Германіі, гэта быў такі хор, — тлумачыць Фіёнік. — Наша роля там невялікая, усяго паўтара-дзве хвіліны, але наша сцэна важная для фільма. Такі падляска-беларускі акцэнт».

Удзел у такім маштабным праекце — вялікі поспех для беларускіх музыкаў, бо фільм ужо стаў адной з галоўных кінападзей года ў Польшчы.

Дарэчы, у эпізадычнай ролі ў фільме знялася галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык.

Пра што кіно і да чаго там рускія песні?

«Айчына» — гэта першая поўнаметражная праца Паўла Паўлікоўскага пасля трыумфальнай «Халоднай вайны», якая ў 2018 годзе прынесла яму сусветную славу і намінацыі на «Оскар». Цяпер Паўлікоўскі стварыў кінематаграфічнае эсэ пра Еўропу адразу пасля катастрофы. 

Дзеянне новай карціны разгортваецца ў 1949 годзе ў перыяд расколу Германіі і пачатку Халоднай вайны. Галоўныя героі — выбітны нямецкі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Томас Ман (яго грае Ганс Цышлер) і яго дачка Эрыка (намінантка на «Оскар» Сандра Гюлер). Яны ўпершыню пасля эміграцыі ў ЗША вяртаюцца на радзіму і адпраўляюцца ў падарожжа на чорным аўтамабілі з Франкфурта-на-Майне (амерыканская зона) у Веймар (савецкая зона акупацыі), каб атрымаць дзве прэміі імя Гётэ.

Дарэчы, нягледзячы на нямецкі антураж, здымалі фільм пераважна ў Польшчы. Стваральнікам давялося старанна дэкарыраваць вуліцы Лягніцы, Бельска-Бялай і Уроцлава, каб перадаць атмасферу зруйнаванай пасляваеннай Германіі. Чорна-белую карцінку здымаў выбітны польскі аператар Лукаш Жаль. Таксама ў фільме з'яўляецца Яанна Куліг — зорка папярэдняга фільма Паўлікоўскага «Халодная вайна».

Канскі трыумф і шанцы на «Оскар»

Сусветная прэм'ера стужкі адбылася ў маі 2026 года ў асноўным конкурсе 79‑га Канскага кінафестывалю. Карціна выклікала фурор: Паўлу Паўлікоўскаму ўручылі прэстыжны прыз за найлепшую рэжысуру.

За ролю ў фільме «Айчына» актрысе Сандры Гюлер прарочаць чарговую намінацыю на «Оскар». Кадр з фільма

Рэйтынг фільма на агрэгатары Rotten Tomatoes складае 95%, а на Metacritic — 90 са 100 магчымых, што сведчыць пра «ўсеагульнае прызнанне». Брытанскі The Guardian называе фільм «неверагодна элегантнай гістарычнай віньеткай», а журналісты ўжо прагназуюць стваральнікам новыя намінацыі на прэмію амерыканскай кінаакадэміі. У прыватнасці, выданне Variety прарочыць чарговую оскараўскую намінацыю Сандры Гюлер. Сам жа фільм разглядаецца як адзін з галоўных кандыдатаў на вылучэнне ад Польшчы на прэмію «Оскар».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула