Спікерам Каардынацыйнай рады пераабраны Арцём Брухан
За паплечніка Паўла Латушкі прагаласавала 92% дэлегатаў, а за яго адзінага апанента Андрэя Коласа толькі сам Колас і трое яго сяброў па фракцыі.
Арцём Брухан. Фота: «Наша Ніва»
За кандыдатуру Брухана, які прадстаўляе кааліцыю «Латушка і Рух «За Свабоду» і ўжо ўзначальваў КС 3‑га склікання, прагаласавалі 62 з 66 дэлегатаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні. Усяго ў склад Каардынацыйнай рады ўваходзяць 80 дэлегатаў.
Супернік Брухана Андрэй Колас, кіраўнік фракцыі «Ваш голас», атрымаў чатыры галасы.
Пры гэтым у галасаванні не ўдзельнічала фракцыя «Аб’яднаная грамадзянская платформа». Раней яе прадстаўнікі заявілі, што шэраг фракцый не быў належным чынам праінфармаваны пра тэхнічныя рэгламенты, тэрміны і парадак вылучэння кандыдатаў. На іх думку, гэта пазбавіла некаторыя фракцыі магчымасці вылучыць сваіх прадстаўнікоў.
Фракцыя палічыла правядзенне выбараў заўчасным і адмовілася ўдзельнічаць у галасаванні. Таксама яна заклікала не прызнаваць вынікі выбараў легітымнымі і вярнуць працэдуру на этап вылучэння кандыдатур з выразна вызначанымі правіламі і тэрмінамі.
Чытайце таксама:
«Абвінавачванні застаюцца галаслоўныя». Мамаева адказала Зазулінскай
Таццяну Мартынаву знялі з цягніка на польскай мяжы і забаранілі ўезд у ЕС на 10 гадоў