У Нацбанку расказалі, колькі беларусы набралі пазык у банкаў
Беларусы павінны банкам больш за 31 мільярд рублёў, паведаміла ў інтэрв'ю «Банкаўскаму весніку» намесніца старшыні праўлення Нацбанка Ілона Лядніцкая, піша Office Life.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Па стане на 1 чэрвеня 2026 года запазычанасць насельніцтва па крэдытах склала 31,1 мільярда рублёў. З пачатку года яна вырасла на 1,3 мільярда рублёў. За гэты час банкі заключылі каля 750 тысяч крэдытных дамоў.
Пры гэтым узровень пратэрмінаванай запазычанасці застаецца нізкім. Паводле даных Нацбанка, доля праблемных даўгоў складае менш за 0,2% ад усіх крэдытаў і каля 0,4% ад спажывецкіх крэдытаў.
Сярэдні паказчык даўгавой нагрузкі па спажывецкіх крэдытах ужо некалькі гадоў трымаецца на ўзроўні 27—28%. Для параўнання: парогавае значэнне складае 40%.
У Нацбанку адзначаюць, што банкі могуць выдаваць крэдыты і пры больш высокай даўгавой нагрузцы, але іх доля не павінна перавышаць 10% крэдытнага партфеля. Цяпер такіх крэдытаў каля 7—8%.
Па словах Ілоны Лядніцкай, цяперашні ўзровень закрэдытаванасці насельніцтва не стварае пагрозы для фінансавай стабільнасці краіны.
Паказчык даўгавой нагрузкі вызначаецца як суадносіны штомесячных выплат па крэдытах да сярэднямесячнага даходу чалавека.
З канца 2025 года ў Беларусі дзейнічаюць новыя правілы разліку гэтага паказчыка: банкі абавязаныя ўлічваць інфармацыю пра ўсе крэдыты кліента з Крэдытнага рэгістра.
Чытайце таксама:
Мінчук, каб пагасіць неіснуючы крэдыт, узяў рэальны і страціў 30 000 рублёў