Пятро Парашэнка таксама вярнуў Польшчы ордэн Белага Арла
Былы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка абвясціў пра адмову ад польскага ордэна Белага Арла ў знак салідарнасці з дзейным прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Раней ад гэтай узнагароды адмовіліся іншыя два ўкраінскія былыя прэзідэнты — Леанід Кучма і Віктар Юшчанка.
Пятро Парашэнка. Фота: AP Photo / Petr David Josek
Пятро Парашэнка, аргументуючы сваё рашэнне, заявіў, што ўзнагарода ўручалася не толькі кіраўнікам дзяржавы, але і ўсяму ўкраінскаму народу, а таксама вайскоўцам, якія абараняюць Украіну і Еўропу. Паводле яго слоў, рашэнне прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага пазбавіць Зяленскага ордэна было памылковым і несправядлівым.
Ён таксама адзначыў, што такое рашэнне выгаднае Крамлю, бо аслабляе адносіны паміж Украінай і Польшчай. Пры гэтым Парашэнка падкрэсліў, што ягоны жэст не накіраваны супраць польскага народа.
Канфлікт узнік пасля таго, як у маі 2026 года Зяленскі прысвоіў аднаму з падраздзяленняў украінскіх Сіл спецыяльных аперацый ганаровае найменне «Герояў Украінскай паўстанцкай арміі». У Польшчы гэта выклікала крытыку праз сувязь УПА з падзеямі на Валыні ў 1943—1944 гадах.
Пасля рашэння Наўроцкага аб пазбаўленні Зяленскага ордэна Белага Арла, які той атрымаў ад былога прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, украінскі лідар вярнуў узнагароду ў Польшчу. Пасля гэтага аналагічнае рашэнне прынялі Кучма, Юшчанка і Парашэнка. Вярнулі таксама свае ўзнагароды міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Украіны Кірыла Буданаў, пасол Украіны ў Польшчы Васіль Боднар.
Чытайце таксама:
Кучма і Юшчанка таксама адмовіліся ад польскіх ордэнаў
Пасол Украіны ў Польшчы таксама адмовіўся ад сваёй узнагароды
Буданаў адмовіўся ад Залатога афіцэрскага крыжа ордэна «За заслугі перад Польшчай»
Прэзідэнт Польшчы пазбавіў Зяленскага Ордэна Белага Арла — найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды краіны