БЕЛ Ł РУС

У ЗША ўзялі на працу робакопа. А праз год звольнілі, бо ён нічога не рабіў

21.06.2026 / 18:57

Nashaniva.com

Робат мусіў змагацца з парушэннямі, але ніякіх вынікаў не паказаў.

Скрыншот відэа

Паліцэйскае ўпраўленне амерыканскага Дабліна, што ў штаце Агаё, звольніла з працы робата-паліцэйскага DubBot K5. Ён лічыўся штатным супрацоўнікам год, але за гэты час нічым не дапамог калегам.

DubBot — гэта адзін з аўтаномных ахоўных робатаў K5 ад кампаніі Knightscope. Ён пачаў патруляваць шматузроўневую паркоўку Rock Cress у Дабліне з ліпеня 2025 года. DubBot быў абсталяваны камерамі кругавога агляду, магчымасцямі двухбаковай сувязі і кнопкай выкліку для званка ў экстранныя службы.

Прэс-сакратарка ўпраўлення паліцыі Дабліна Робін Грэй расказала, што робакоп меў на мэце прадухіляць злачынствы, падтрымліваць паліцэйскія аперацыі, павышаць эфектыўнасць рэагавання на надзвычайныя сітуацыі ў горадзе і дапамагаць у месцах з высокай праходнасцю.

Робат абышоўся гораду больш чым у 67 тысяч долараў. Аднак яго патруляванне не прывяло ні да аднаго арышту, крымінальнай справы ці нават штрафу. Акрамя таго, падчас патрулявання DubBot не зафіксаваў ніводнага інцыдэнту, які б запатрабаваў умяшання паліцыі.

Спачатку горад планаваў заплаціць кампаніі больш за 238 тысяч долараў за разгортванне двух робатаў-паліцэйскіх на два гады. Другога робата, які прызначаўся для парку Рыверсайд-Кросінг, так і не ўкаранілі. Кампаніі спатрэбілася больш часу для распрацоўкі другога DubBot, а ў парку не было неабходнай інфраструктуры.

За першы год дзеяння пагаднення Даблін патраціў 128 тысяч, але разлічваў атрымаць ад Knightscope кампенсацыю на 60 тысяч, што знізіла б выдаткі гораду.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула