БЕЛ Ł РУС

Магілёвец паглядзеў у свой мабільнік: геалакацыя вызначалася як Смаленск

2.07.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Расійскія сістэмы РЭБ прыводзяць да збояў GPS у Беларусі. 

Магілёў. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

У адным з профільных тэхнічных чатаў карыстальнік-беларус далучыў скрыншот дадатку картаў у сваім мабільніку і патлумачыў, што бачыць сябе ў раёне Смаленску, хаця ў гэты момант знаходзіцца ў Магілёве на 8‑м паверсе шматкватэрнага дома. Скрыншот датаваны сярэдзінай чэрвеня.

Пры спуску ўніз, на зямлю, па словах гэтага чалавека, сітуацыя нармалізавалася. 

Іншыя ўдзельнікі чата з Беларусі патлумачылі яму, што таксама перыядычна фіксуюць такія збоі ў сваіх мабільных дэвайсах, і што чым вышэй адносна зямлі знаходзіцца дэвайс, тым большая імавернасць, што яго каардынаты будуць збітыя. 

Як можна меркаваць, гэта праява так званага GPS-спуфінгу — падмены спадарожнікавага сігналу.

У адрозненне ад глушэння (джэмінгу), калі сігнал проста знікае, пры спуфінгу наземны перадатчык транслюе фальшывыя сігналы, мацнейшыя за сапраўдныя са спадарожнікаў. І тады прыёмная прылада ў гэтай зоне — тэлефон, дрон ці самалёт — верыць мацнейшаму сігналу і вылічае няправільныя каардынаты.

Смаленск ужо трапляў у поле зроку даследчыкаў як крыніца спуфінгавых перашкод.

Расіяне падмяняюць рэальныя каардынаты для барацьбы з украінскімі дронамі, якія атакуюць аб'екты на поўначы Расіі. 

Падмена каардынат блытае загадзя пракладзеныя маршруты дронаў, прымушаючы іх карэктавацца ў нейкі з бакоў, адводзячы ад цэлі. Залёты ўкраінскіх дронаў у Беларусь насамрэч рэгулярна фіксуюцца мясцовымі жыхарамі. 

Спуфінг можа мець небяспечныя наступствы для сфер, у якіх важная дакладная навігацыя. Найперш гэта пытанне бяспекі авіяцыйнага руху. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула