БЕЛ Ł РУС

Беларускі пачалі флэшмоб — посцяць свае фоты ў кароткіх шортах. Прычынай стаў адзін непрыемны каментар

22.06.2026 / 21:22

Міра Нікановіч

Жанчыны вырашылі абараніць права адна адной не хаваць ногі.

Фота: i_a.furs, yarnahandicraft, zhannazhalevich / Threads

Усё пачалося з паста ў Threads, які пакінула карыстальніца пад нікам jablynevy.kvecen. Беларуска сустрэла сталую жанчыну ў шортах, і яе гэта так абурыла, што яна не змагла змаўчаць:

«Я, канешне, усё разумею: лета, спёка даўгачаканая. Але выбачце: нашто цёцям 60+ кароткія шорты? Куды? Шчыра, мне не дужа прыемна на такое глядзець, асабліва як там варыкоз які, тонусу няма.

Посмотреть в Threads

Першы раз такое дзіва бачыла, ды яшчэ такія кароткія. Відаць, дачніца нейкая сталічная. Да юных дзяўчат на выданні у такім стылі пытанняў няма».

Публікацыя жанчыны менш чым за суткі атрымала амаль 300 каментароў. Толькі некалькі з іх былі ў падтрымку аўтаркі паста, усе астатнія — у падтрымку невядомай жанчыны ў шортах.

Аўтарцы раілі, калі ёй непрыемна бачыць такіх жанчын, заплюшчыць вочы і не глядзець на іх, а таксама адзначалі, што яна чамусьці не піша пра варыкоз і адсутнасць тонусу на мужчынскіх нагах:

«Едзе сабе жанчына па сваіх справах, а тут нейкая пра яе варыкоз піша ў сеціве — вось гэта культура».

«Усе ведаюць: пасля 40 кабеты павінны закруціцца ў мяшок ды паўзці на могілкі. А то навыдумлялі тут шорты нейкія насіць, сапраўды!»

«Даю бясплатную параду: не выходзьце з дому да зімы! І ў ніякім выпадку не хадзіце на рэчку ці на возера купацца — там людзі 60 гадоў ходзяць зусім без вопраткі, гэткі жах!»

Посмотреть в Threads

Каментарамі справа не скончылася, і беларускі пачалі публікаваць уласныя фоты ў шортах.

Посмотреть в Threads

Адна жанчына прызналася, што ў яе праблемы з венамі пачаліся зусім не ў 60, а нашмат раней, але гэта не перашкаджае ёй насіць тое, што хочацца:

«У мяне ніколі не было худых ног, варыкоз з 12 гадоў. Колькі брыдоты я слухала і чую да гэтага моманту ў свой адрас! У лістападзе быў нервовы зрыў, бо я зноў не такая. Дзякуй мужу, які дапамог гэта перажыць. Часам стараюся схуднець, але потым набіраю вагу зноў. 

Сумна, што колькі заўгодна можна пісаць пра душу і характар, але знойдуцца людзі, якія заўсёды скажуць нешта злое за спіной. Дзякуй, беларускі трэдс, што заступіліся за незнаёмую шасцідзесяцігадовую кабету ў кароткіх шортах!»

Посмотреть в Threads

Іншая беларуска адзначыла, што кароткія шорты — далёка не адзіная рэч, якую варта дазволіць адна адной:

«Дык што рэабілітуем наступным? Басаножкі з адкрытымі пальцамі? Адкрытыя плечы? Можа, белыя штаны, якія «таўсцяць»? Або купальнікі пасля 40?

Ці правіла «рукі трэба хаваць пасля пэўнага ўзросту»? А можа, калені? О, бедныя жаночыя калені таксама не раз траплялі пад раздачу. Увогуле, чым даўжэй жыву, тым больш здзіўляюся, колькі комплексаў нам паспелі навязаць».

Посмотреть в Threads

Блогерка Кацярына Хольцапфэль-Варажун разважае, які мусіць быць падыход да знешнасці іншых:

«Калі не разглядваць так дэтальна іншых людзей, а больш увагі звяртаць на тое, што я думаю пра саму сябе — мне здаецца, ад гэтага будзе больш карысці і больш прыемнасці».

Посмотреть в Threads

Аўтарка паста, з якога ўсё пачалося, здаецца, ужо гатовая пагадзіцца з аматаркамі шортаў — і нават не супраць запосціць фота ў іх:

«Не, ну, раз пайшла такая пляска, то хоць ты сама ідзі ды купі кароткія джынсавыя шорты, што спадабаліся з першага погляду».

Чытайце таксама:

Праз тыдзень у Беларусі можа быць +38°С

Можа, вам трэба 12‑пакаёвая кватэра ў Мінску? Маем такі варыянт

«30 тысяч ужо аддаў за арэнду». Праграміст усё палічыў і ўзяў іпатэку ў Вільні

Каментары да артыкула