Маладога школьнага настаўніка з Мазыра асудзілі па палітычным артыкуле
Аляксандр Пархоменка толькі два гады таму скончыў універсітэт.
Аляксандр Пархоменка. Фота: schools.by
Аляксандру Пархоменку 23 гады. Ён родам з вёскі Дуброва Ельскага раёна. У 2020 годзе паступіў у Mазырскі ўніверсітэт на бюджэт па спецыяльнасці «Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва».
Пасля заканчэння ўніверсітэта хлопец размеркаваўся ў сярэднюю школу №6 Мазыра, дзе працаваў настаўнікам працоўнага навучання.
На працы яго цанілі як перспектыўнага спецыяліста. У 2025 годзе Аляксандр стаў пераможцам раённага этапу рэспубліканскага конкурсу сярод працуючай моладзі «SuperПРОФІ» ў намінацыі «SuperПРОФІ ў сферы адукацыі і навукі» і прадстаўляў Мазыршчыну на абласным этапе.
Хлопца арыштавалі за палітыку. Нядаўна Гомельскі абласны суд прызнаў Аляксандра вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі («садзейнічанне экстрэміцскай дзейнасці»).
Дакладныя абставіны яго крымінальнай справы пакуль застаюцца невядомымі, але, імаверна, пераслед звязаны са справай Гаюна.
Хлопцу прысудзілі хімію з накіраваннем ці калонію — анлайн ён так і не з'явіўся.