БЕЛ Ł РУС

«У нас усё спакойна». Беларускі санаторый у Крыме не папярэджвае гасцей пра небяспеку

23.06.2026 / 17:25

Nashaniva.com

У санаторыі «Белоруссия» ў акупаваным Крыме заявілі, што працягваюць працу, што ў іх «усё спакойна, стабільна і бяспечна». Такія запэўніванні прагучалі на фоне ўсё больш частых атак УСУ на паўвостраў і праблем з бензінам і электрычнасцю, піша тэлеканал «Белсат».

Санаторый «Белоруссия» ў крымскім Карэізе. Фота: «Яндекс Карты»

«Так, працуем, усё працуе, людзі ёсць», — сказалі карэспандэнту «Белсата» як прыватнай асобе ў санаторыі «Белоруссия» ў Карэізе. Гэтая ўстанова належыць Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі.

Апошнім часам УСУ ўзмацнілі ўдары па паўвостраве, намагаючыся зрабіць з яго востраў. Былі атакаваныя масты, што злучаюць Крым з Херсонскай вобласцю, паромы, якія курсуюць у Керчанскім праліве, нафтавыя тэрміналы, энергетычная інфраструктура. Пад сталымі абстрэламі застаецца сухапутны маршрут з Расіі ў Крым праз акупаваныя Марыупаль і Мелітопаль.

Акрамя таго, там пачаліся праблемы са святлом, а праз адключэнні электрычнасці ўзнікаюць перабоі ў водазабеспячэнні.

На гэтым фоне акупацыйныя ўлады паўвострава абвясцілі, што прыпыняецца продаж паліва на ўсіх АЗС. А надоечы ў Крыме закрылі ўсе дзіцячыя летнікі «дзеля гарантавання грамадскай бяспекі». Гэтыя захады будуць дзейнічаць да 1 верасня.

Затое ў беларускім санаторыі запэўніваюць, што ў іх усё добра:

«У нас усё працуе, істотных змен няма. У нас усё спакойна і стабільна, у прынцыпе. Нас пакуль не закранулі праблемы. Абяцаюць веерныя адключэнні святла (3 гадзіны не будзе, потым 3 гадзіны будзе святло), але санаторый мае генератар, таму хіба што і не павінна нас закрануць».

На пытанні пра тое, ці бяспечна адпачываць у Крыме, суразмоўца адказала, што ніякіх пагроз няма:

«У нас, у прынцыпе, усё спакойна, нібыта. Няма нейкіх, як вы кажаце, пагрозаў жыццю. То бок усё, у прынцыпе, стабільна».

Пры гэтым УСУ атакуюць Крым ледзь не штодня, а да таго ж сама паездка з Беларусі ў акупаваны рэгіён можа быць небяспечнаю: шлях ідзе праз Бранск (ці Калугу), Варонеж, Растоў-на-Доне і Краснадар. Акурат у Варонежы 22 чэрвеня ўкраінцы абстралялі завод, дзе вырабляюць мікрасхемы для ракет, за час вайны шматкроць былі атакаваныя і Растоў з Краснадарам.

Акрамя таго, аўтобусы едуць на паўвостраў па Крымскім мосце, які з'яўляецца верагоднай цэллю УСУ.

Чытайце таксама:

У Крыме здарылася маштабнае адключэнне святла

Украінцы заявілі пра знішчэнне чыгуначнага моста цераз Паўночна-Крымскі канал

Міністр абароны Украіны: Найбліжэйшым часам Крым ператворыцца ў востраў

Адпачынак для бясстрашных і беспрынцыповых: што цяпер з турамі з Беларусі ў Крым?

«Адгэтуль лічыце яго востравам». Хто і як праводзіць аперацыю «адсячэння» Крыма

У Крыме на ўсё лета забаранілі прымаць групы дзяцей

Каментары да артыкула