БЕЛ Ł РУС

Дзяніс з Нясвіжа дзесяць гадоў адпрацаваў на лікёра-гарэлачным заводзе. А знайшоў сябе і найлепш стаў зарабляць як блогер Алкабард

1.07.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Дзяніс Шапёлкін дэгустуе ў кадры напоі ад пладова-ягаднага «Чарадзейства» да кальвадосу і цікава расказвае пра адчуванні. Ён сабраў 300 тысяч падпісантаў на ютубе, рэкламадаўцы стаяць у чарзе.

Дзяніс Шапёлкін. Фота: інстаграм @alcobard

Нядаўна Дзяніс зарэгістраваўся і ў Трэдс, дзе яго кантэнт таксама знаходзіць попыт. Праўда, Алкабард заўсёды папярэджвае, што алкаголь шкодзіць здароўю, і не рэкамендуе паўтараць яго прафесійныя трукі без падрыхтоўкі.

Аб прафесійным падыходзе не жарт: Дзяніс Шапёлкін раней працаваў на заводзе па вытворчасці алкаголю. Блог жа ён завёў 10 гадоў таму. «Я ніколі не думаў, што гэта стане маёй прафесіяй», — прызнаецца Дзяніс. 

Мужчына нарадзіўся ў Мінску ў 1976-м, але цяпер жыве ў Нясвіжы. Пачынаў расказваць пра алкаголь яшчэ ў ЖЖ і толькі пасля перайшоў на ютуб, ад якога атрымаў срэбную кнопку.

Сёння, як сцвярджае сам блогер, яго ведаюць усе лікёра-гарэлачныя заводы Украіны, Беларусі і Расіі.

«Мне прапаноўвалі досыць высокія пасады на лікёра-гарэлачных заводах, але я адмовіўся», — расказваў ён на сваім ютубе.

Замест пасады на заводах ён абраў блог, на якім і зарабляе.

Падпісанты адзначаюць харызму блогера, дзеля якой яны і падпісаліся на канал. Скрыншот: ютуб-канал Алкабарда

Частка алкаголю, які ён п’е на відэа — гэта замовы ад брэндаў. Але Алкабард сцвярджае, што заўсёды здымае выключна сваю шчырую рэакцыю на напоі.

«Калі мне не спадабалася, я так і скажу».

На канале ў ютубера можна знайсці дэгустацыю алкагольных напояў з усяго свету — тут і арак са Шры-Ланкі, і гранатавая гарэлка з Баку, і чача з кальвадосам. Вядома, нікуды без беларускіх бальзамаў, айчыннай гарэлкі і пладова-ягаднага віна. Прычым Дзяніс падказвае, як правільна піць розныя віды алкаголю.

Ёсць тут месца і адукацыйным відэа — напрыклад, гутаркам з нарколагам і расказам пра алкагалізм і кадзіроўку.

У блогера моцна піў дзед, а сам Дзяніс стараецца з гарэлкай не перабіраць.

Нядаўна падпісанты прэзентавалі блогеру пшанічную гарэлку, выпушчаную ў пачатку 90-х. На жаль, канкрэтная дата выпуску на бутэльцы сцерлася.

Дзяніс прызнаўся, што баяўся піць такі экспанат, і не дарэмна: галоўнае ўражанне ад яго — дзікае пахмелле.

«У мяне ў жыцці былі вельмі дрэнныя гарэлкі. Было нешта дрэннае ўкраінскае аднойчы, жытомірскае. З расійскіх паскудстваў нешта было, але такога лайнішча ў мяне яшчэ ні разу не было. І такога бадуну ў мяне не было гадоў 10, нават пасля самагонкі. Мая рэкамендацыя фанатам «пры СССР гарэлка была лепшай / трава зелянейшай» адправіцца туды і атрымліваць асалоду. Усё зробленае пры Саюзе было гаўном», — падзяліўся меркаваннем Алкабард.

«Гарэлка ў Саюзе была дзярмовай. Яна пахне бязвыхаднасцю і шэрасцю».

Скрыншот: ютуб-канал Алкабарда

Мужчына жанаты, мае ўжо дарослых дзяцей. Яго жонка Ірына таксама часам становіцца гераіняй ролікаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула