Сямейная дынастыя з Самахвалавічаў пад Мінскам вырошчвае 30 тысяч раслін
Дзіўную гісторыю стварэння вялікага саду і гадавальніка расказалі выданню pristalica.by у аграгарадку Самахвалавічы Мінскага раёна. Тут жыве Наталля — прадстаўніца дынастыі садоўнікаў у трэцім пакаленні. Разам з сям’ёй яна вырошчвае пладова-ягадныя і дэкаратыўныя расліны, а яе парады дапамаглі змяніць сады на сотні ўчасткаў. Наталля падзялілася тонкасцямі: як правільна размясціць дрэвы, чым перамагчы мурашак і чаму з пабелкай ствалоў лепш не спяшацца.
Сёння ўладанні Наталлі ўражваюць. На 15 сотках у аграгарадку яна з сям’ёй вырошчвае гаршковыя і дэкаратыўныя культуры: гартэнзію, ружы, азаліі, бружмель, язмін, чарнаплодную рабіну і пузыраплоднік.
У цяпліцах ідзе чаранкаванне — тут нарыхтоўваюць будучыя саджанцы. А на асобным полі плошчай 10 гектараў раскінуліся пладовыя дрэвы і кусты: яблыні, грушы, каля 500 кустоў буякоў пяці сартоў, маліны і парэчкі. Пачыналі ж з 10 сотак і прыкладна тысячы саджанцаў пладовых, а зараз у гаспадарцы — амаль 30 тысяч раслін.
«Працуем усёй сям’ёй з раніцы да позняга вечара. Выхадныя — рэдкасць. Нават у дождж ідзем у цяпліцы: там чаранкі, якія потым рассаджваем у касеты — буякі, гартэнзія. Зараз якраз перыяд чаранкавання», — расказвае Наталля.
Праца сезонная: асноўны ўпор — на восень і вясну. Улетку расліны набіраюць сілу, узімку наводзяць парадак і вырошчваюць елкі.
З чаго пачаць уладкаванне саду: глеба і планіроўка
Да Наталлі і яе сына Івана звяртаюцца не толькі па саджанцы, але і па кансультацыі: як правільна выбраць расліны, размясціць іх на ўчастку і даглядаць, каб яны пладаносілі. У сваёй справе Наталля прытрымліваецца дакладнага плана. Першы крок — вызначыць тып глебы на ўчастку.
«Для раслін важная добрая зямля хаця б на першыя тры-чатыры гады, каб умацавалася каранёвая сістэма. Гліна або суглінак — гэта добра, а пясок і торф — дрэнна», — тлумачыць Наталля.
Калі глеба бедная, экспертка раіць укласці на дно пасадачнай ямы гліняную падушку. Гліна паступова змяшаецца з грунтам і будзе жывіць расліну некалькі гадоў, пакуль яна падрастае. Дарэчы, на гліне цудоўна растуць слівы і чарэшні, а вось для гартэнзіі і буякоў абавязкова патрэбен кіслы торф.
Наступны этап — прадумаць планіроўку: саджаць па перыметры або адвесці пад сад асобны ўчастак, вырашыць, якія культуры і ў якой колькасці будуць расці. І тут вельмі важна параіцца з чалавекам-знаўцам.
«Часта людзі хочуць пасадзіць адну чарэшню. Але некаторыя дрэвы самабясплодныя — ім патрабуецца сусед-апыляльнік. Таксама трэба ўлічваць асветленасць і бакі свету. Напрыклад, вішня — кампактная расліна, а чарэшня — магутная. Не саджайце чарэшню з поўдня перад вішняй, бо яна разрасцецца і заценіць суседку», — папярэджвае Наталля.
Яшчэ адно правіла — саджаць побач дрэвы аднаго віду: яблыню да яблыні, вішню да вішні. Гэта звязана з апыленнем. Пылок пераносяць не толькі насякомыя, але і вецер, і калі ён з яблыні трапіць на вішню, ураджаю можа не быць. Да таго ж у кожнай расліны свая пара для цвету.
Пабелка — не для прыгажосці
Апрацоўка саду — не менш важны этап. Галоўнае — выконваць дазіроўку і ўлічваць узрост раслін. Навічкі часта прымяняюць на маладых саджанцах дозу, разлічаную на дарослае дрэва, і расліна літаральна «згарае».
«Ні ў якім разе нельга класці свежы гной у пасадачную яму — карані згараць. І асобная балючая тэма — пабелка маладых дрэў. Да трох гадоў яе не прымяняюць: у складзе ёсць вапна, а кара ў саджанца далікатная, яна зморшчыцца. Лоўчыя паясы ад мурашак таксама не варта выкарыстоўваць у гэты перыяд (і лепш даўжэй), таму што дрэва можа атрымаць апёк», — дзеліцца вопытам Наталля.
Для барацьбы з мурашкамі сям’я садоўнікаў рэкамендуе прэпараты «Мурашкаед» і Bros, супраць тлі — «БіяТлін» і «Актара». А бяліць ствалы, на думку Наталлі, трэба не вясной, а пад зіму — для абароны ад сонечных апёкаў. І яшчэ больш эфектыўна замест пабелкі абматаць ствалы белым спанбондам.
Чытайце таксама:
Пад Мінскам жанчына стварыла на 45 сотках кветкавае каралеўства
«Ажыятаж вялікі». Беларусаў запрашаюць на палі півоняў
Як уладкаваны клубнічны бізнэс, хто найбольш на ягадах зарабляе і чаму іх часам выкідаюць