БЕЛ Ł РУС

Дрэва з вавёркай ды анёл з грудзямі. У Мінску прадаюць сталінку, дзе можна здымаць фэнтэзі

28.06.2026 / 08:00

Дзяніс Рудніцкі

У прасторнай аднапакаёўцы каля Трактарнага спалучыліся барэльефы, цэгла, яркія роспісы і дызайнерская мэбля.

Фота: «Куфар»

Гэта кватэра на вуліцы Будзённага ў Мінску з серыі «лепш адзін раз убачыць». Бо словамі апісаць гэты палёт фантазіі даволі складана.

Гледзячы на тыповую сталінку, пабудаваную ў 1955 годзе, ніколі не скажаш, што ў ёй можа быць партал у альтэрнатыўную рэальнасць. На 40 квадратах такі аўтарскі рамонт, што нават «Куфар» вырашыў зрабіць на яго відэагляд.

З савецкай лесвічнай клеткі трапляеш ці то ў казку Пушкіна, ці то ў фэнтэзі. Блогерка, якая рабіла агляд, адразу пачала цытаваць: «У Лукоморья дуб зелёный…» — бо частку кватэры займае аб’ёмнае дэкаратыўнае дрэва. Яго карані ідуць з падлогі, а галіны ўпіраюцца ў столь.

На адной з іх можна ўбачыць фігурку вавёркі. Дзяўчына пажартавала, што гэта ідэальная кватэра для Беласнежкі.

На сценах намаляваныя вулачкі еўрапейскіх гарадоў. Можна пабачыць і барэльеф — жанчыну-анёла без галавы.

Падлога заліўная — імітуе дрэва. А для заніравання прасторы зроблена вялізарная кветка. Прыцягваюць увагу і цагляныя падаконнікі з назвамі вуліц.

На фоне ўсяго гэтага столь, размаляваная як нябёсы з аблокамі, ужо не здзіўляе. Дарэчы, глядзець на яе можна з круглага ложка.

А вось мэбля на кухні выглядае традыцыйнай — кажуць, італьянская і вельмі дарагая.

Уласнік Дзмітрый запэўнівае, што ўсе элементы дэкору зробленыя ўручную. Але ахарактарызаваць стыль не можа: кажа, «дызайнерскі, індывідуальны». І запэўнівае: у жыцці ўсё выглядае лепш, чым на фота.

Дарэчы, Дзмітрый — будучы міліцыянер. Ён вучыцца ў Акадэміі МУС.

Просіць ён за аднапакаёўку $89500.

Чытайце таксама:

Паглядзіце, як крута перарабілі сталінку каля цэнтра Мінска

Стала вядома, хто атрымаў жыллё ў «сакрэтным» доме пад Драздамі. Сярод іх — сілавік, які «вызначыўся» ў 2020 годзе

У Мінску прадаюць сталінку з вінтажным дафамінавым інтэр'ерам

Можа, вам трэба 12‑пакаёвая кватэра ў Мінску? Маем такі варыянт

Каментары да артыкула