БЕЛ Ł РУС

У метро пабілі легенду Мінска — жанчыну, якая шмат гадоў спявае пра Ісуса

25.06.2026 / 09:05

Арына Жураўская

Ніхто не ўмяшаўся, каб заступіцца за спявачку.

Валянціна. Скрыншот відэа з сацсетак

Валянціну, бадай, ведае кожны, хто пражыў у беларускай сталіцы хаця б месяц. Жанчына спявае пра Ісуса каля метро — і ніколі не просіць грошай, у адрозненне ад звычайных вулічных спевакоў. Яна заўсёды на пазітыве. Спявачку называюць легендай сталіцы.

Але нядаўна Валянціна трапіла ў жудасную сітуацыю.

Пра тое, што здарылася, распавяла ў інстаграме Вольга Мамантава. Валянціну яна сустрэла ў метро на «Кастрычніцкай». Як і заўсёды, тая спявала пра Ісуса — але твар жанчыны быў у крыві.

Вольга падышла да спявачкі, каб дапамагчы прывесці сябе ў парадак. Валянціна расказала, што ехала ў вагоне і спявала, калі на «Плошчы Леніна» адзін з маладых мужчын устаў і ўдарыў яе кулаком у твар — трапіў у нос. А потым спакойна сеў назад на сваё месца.

Больш за ўсё ў гэтай гісторыі Вольгу ўразіла тое, што ніхто з іншых людзей не прыйшоў на дапамогу жанчыне сталага ўзросту — ні ў вагоне метро, ні потым на станцыі, дзе яна была з акрываўленым тварам.

Неабыякавая беларуска прапанавала спявачцы напісаць заяву ў міліцыю — і нават прапанавала пайсці разам. Тая спачатку пагадзілася, але толькі пасля працы — бо зранку Валянціна якраз ехала на змену. Да дактароў яна таксама пайшла толькі калі скончыла працаваць.

А ўжо ўвечары, калі Вольга патэлефанавала спявачцы зноў, Валянціна сказала, што не будзе звяртацца да сілавікоў: «Я вырашыла не пісаць заявы, я даравала і мне так добра стала. Над намі ўсімі ёсць суддзя, і гэта не я. Я буду маліцца…».

Відэа пра здарэнне менш чым за суткі набрала 200 тысяч праглядаў і сотні каментароў. Шмат хто абураецца абыякавасцю беларусаў, якія не толькі не адрэагавалі на сам момант збіцця, але і ігнаравалі жанчыну ў крыві, якая спявала пасярод платформы адной з самых загружаных станцый мінскага метро.

Чытайце таксама:

Жывая легенда Мінска: што чуваць у жанчыны, якая шмат год спявае пра Ісуса?

Каментары да артыкула