БЕЛ Ł РУС

Польскі суд адмяніў дату перадачы ў Беларусь сямігадовага хлопчыка з міжнароднай абаронай

25.06.2026 / 08:52

Nashaniva.com

Раней Варшаўскі суд пастанавіў перадаць сямігадовага хлопчыка з Беларусі, які жыве ў прыёмнай сям’і ў Польшчы, біялагічнаму бацьку, які знаходзіцца ў Мінску. Пры гэтым у хлопчыка ёсць міжнародная абарона, якая забараняе яго высылку на радзіму

Алесь, якім апякуецца Ганна Канавалава і якога Польшча хацела перадаць у Беларусь. Фота: Ганна Канавалава / Facebook

Сямігадовага Алеся, якім апякуецца Ганна Канавалава, маці былой палітзняволенай Антаніны Канавалавай, мусілі перадаць біялагічнаму бацьку ў Беларусь 27 чэрвеня. Аднак польскі суд адмяніў дату перадачы, напісала ў фэйсбуку Ганна Канавалава, перадае «Белсат».

Суд разгледзеў апеляцыю, якую падавала апякунка дзіцяці. Ганна Канавалава звярнулася са словамі падзякі да праваабаронцаў, юрыстаў, журналістаў, грамадскіх арганізацый, сяброў, «знаёмых і незнаёмых людзей, якія пісалі, тэлефанавалі, распаўсюджвалі інфармацыю і дапамагалі ўсімі магчымымі спосабамі».

У сваім пасце беларуска адзначыла Святлану Ціханоўскую, кіраўніка НАУ, намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушку, юрыстку Ганну Маціеўскую, журналістку Ірыну Халіп, польскага абмудсмена ў правах дзіцяці, арганізацыі Amnesty International Polska, Helsińska Fundacja Praw Człowieka.

«Гэтая перамога належыць нам усім, хто верыць. Наперадзе яшчэ барацьба, але наш малыш застаецца ўдома, побач з людзьмі, якіх лічыць сваёй сям’ёй. Разам мы дамагліся таго, што яшчэ некалькі дзён таму здавалася амаль немагчымым», — напісала Ганна Канавалава.

Раней Варшаўскі суд пастанавіў перадаць сямігадовага хлопчыка з Беларусі, які жыве ў прыёмнай сям’і ў Польшчы, біялагічнаму бацьку, які знаходзіцца ў Мінску. Пры гэтым у хлопчыка ёсць міжнародная абарона, якая забараняе яго высылку на радзіму.

Алесь разам з маці і старэйшым зводным братам Яўгенам, якому ў той час было 14 гадоў, прыехаў з Беларусі ў Польшчу ў 2021 годзе пасля пратэстаў. Сям’я атрымала міжнародную абарону ў Польшчы.

Польскія органы апекі хутка даведаліся пра алкагольную і наркатычную залежнасці жанчыны, а таксама пра тое, што яна займаецца прастытуцыяй, і забралі дзяцей з сям’і. Іх усынавіла іншая беларуска — пенсіянерка Ганна Канавалава, якая раней працавала прадавачкай мэблі, і зараз жыве ў варшаўскім раёне Макотув. Яна даглядала двух унукаў 6 і 8 гадоў, пакуль іхная маці Антаніна Канавалава, асуджаная паводле палітычных матываў, адбывала пакаранне ў Беларусі.

На момант усынаўлення ў 2023 годзе малодшы Алесь, якому было чатыры гады, не ўмеў карыстацца прыбіральняй, дрэнна гаварыў і быў залежны ад TikTok. У 2024 годзе іхная біялагічная маці памерла ад перадазавання.

У жніўні 2023‑га да сям’і звярнуўся біялагічны бацька Алеся Сяргей, у мінулым асуджаны на дзевяць гадоў калоніі за гандаль наркотыкамі. Пасля таго, як Ганна дапамагла Сяргею зрабіць візу ў Польшчу, ён пачаў наведваць Алеся ў сярэднім раз на месяц. Ён праводзіў час з сынам і прывозіў яму падарункі, але ў наступным годзе страціў візу, і ягоныя стасункі абмежаваліся тэлефанаваннямі, якія, паводле словаў Ганны, таксама адбываліся не часцей за адзін раз на месяц.

А потым мужчына надумаў вярнуць дзіця ў Беларусь і звярнуўся ў суд у Варшаве. У сакавіку 2026‑га суд пастанавіў перадаць дзіця бацьку. Суддзі пастанавілі, што інтарэсы непаўналетняга «перш за ўсё рэалізуюцца праз выхаванне ўласным бацькам».

Пры гэтым праваабарончы фонд Partyzanka адзначае, што дзіця атрымала міжнародную абарону ў Польшчы менавіта праз рызыку вяртання ў Беларусь, таму вяртацца туды яно не можа. Юрысты кажуць, што «калі [беларускі] рэжым захоча выкарыстаць дзіця ў прапагандысцкіх мэтах, ён зробіць гэта, нават калі бацька будзе супраціўляцца».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула