БЕЛ Ł РУС

У Смалявічах апошнім часам даўка смярдзіць гноем. А чаму?

25.06.2026 / 10:04

Nashaniva.com

У Смалявічах апошнія дні ўсё часцей адчуваецца рэзкі непрыемны пах, які заўважаюць жыхары ў розных частках горада і ў розны час сутак. Спёка толькі ўзмацняе дыскамфорт, пішуць smolevichi24.

Як патлумачылі ў аддзеле сельскай гаспадаркі і харчавання Смалявіцкага райвыканкама, прычына звязана з планавымі сельскагаспадарчымі работамі. Ідзе ўнясенне арганічных угнаенняў для аднаўлення ўрадлівасці глебы. Менавіта гэты працэс і становіцца крыніцай характэрнага паху.

— Смалявіцкі раён — гэта рэгіён з дынамічна развітай сельскай гаспадаркай. Мы займаем у Мінскай вобласці перадавыя пазіцыі па нарыхтоўцы травяністых кармоў і, адпаведна, вытворчасці і рэалізацыі малака, — каментуе першы намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкама Дзмітрый Багдановіч. — Дасягненне высокіх паказчыкаў патрабуе строгага захавання агратэхнічных і заатэхнічных рэгламентаў. Адным з такіх элементаў з’яўляецца ўнясенне арганічных угнаенняў на палі, якія атачаюць наш горад, для павышэння ўрадлівасці глеб і атрымання больш высокай ураджайнасці збожжавых, рапсу, кукурузы, траў і іншых культур.

Таксама варта ўлічваць і пагодныя ўмовы: у гарачае і бязветранае надвор’е пахі распаўсюджваюцца мацней і даўжэй застаюцца ў паветры.

— Просім з разуменнем паставіцца да такой сітуацыі, бо гэта — аснова атрымання высокіх ураджаяў 2026—2027 гадоў, што ў перспектыве непасрэдна ўплывае на эканамічнае развіццё і харчовую бяспеку Смалявіцкага раёна, — рэзюмаваў Дзмітрый Багдановіч.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула