З'явіўся сусветны рэйтынг вытворцаў піва. На якім месцы Беларусь?
Беларусь увайшла ў лік 60‑ці найбуйнейшых вытворцаў піва ў свеце. Па выніках 2024 года краіна заняла 58‑е месца сярод 174 дзяржаў і тэрыторый, прадстаўленых у штогадовай справаздачы BarthHaas Report 2024/25, піша Thinktanks.pro.
Фота: Getty Images
BarthHaas — нямецкая кампанія, якая з’яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных пастаўшчыкоў хмелю. Штогод яна публікуе справаздачу аб стане сусветнага рынку піва і піваварнай галіны.
Сярод суседніх краін Беларусь саступае Расіі, Польшчы і Украіне па аб’ёме вытворчасці піва. Расія заняла 5‑е месца ў свеце з аб’ёмам вытворчасці 2,4 мільярда галонаў, Польшча — 11‑е месца з 0,91 мільярда галонаў, а Украіна размясцілася на 30‑м месцы з паказчыкам 0,37 мільярда галонаў.
У той жа час Літва заняла 72‑е месца, вырабіўшы 0,073 мільярда галонаў піва, а Латвія апынулася на 111‑й пазіцыі з аб’ёмам 0,019 мільярда галонаў.
Сусветным лідарам па вытворчасці піва застаецца Кітай, дзе ў 2024 годзе было зварана 9,01 мільярда галонаў — гэта 18,2% усяго сусветнага выпуску. Другое месца занялі ЗША з вынікам 4,87 мільярда галонаў, трэцяе — Бразілія з 3,89 мільярда галонаў. У першую пяцёрку таксама ўвайшлі Мексіка і Расія.
Апошнія месцы рэйтынгу занялі невялікія дзяржавы і тэрыторыі з мінімальнымі аб’ёмамі вытворчасці. Самы нізкі паказчык зафіксаваны ў Гамбіі і Паўднёвым Судане — па 50 тысяч галонаў. Таксама ў канцы спіса размясціліся Палесціна, Паўночная Карэя і Вануату.
Чытайце таксама:
«Зебра-палоскі» як паратунак ад пахмелля. Што гэта такое і ці сапраўды дапамагае?
Беларусь стала галоўным каналам для ўвозу імпартнага піва ў Расію