БЕЛ Ł РУС

Біл Гейтс расказаў падрабязнасці пра сваіх расійскіх палюбоўніц

25.06.2026 / 21:36

Nashaniva.com

Заснавальнік Microsoft Біл Гейтс падчас закрытых слуханняў у Кангрэсе ЗША па справе Джэфры Эпштэйна пацвердзіў, што ў мінулым меў пазашлюбныя адносіны з дзвюма жанчынамі з Расіі — гульцом у брыдж Мілай Антонавай і фізікам-ядзершчыцай Карымай Нігматулінай, піша The Times.

Біл Гейтс. Фота: Evan Agostini / Invision/ AP

Адвакаты мільярдэра дамагліся, каб слуханні, якія прайшлі яшчэ 10 чэрвеня, адбываліся ў закрытым рэжыме. Аднак на гэтым тыдні камітэт апублікаваў стэнаграму яго паказанняў.

Згодна з апублікаваным тэкстам, Біл Гейтс удакладніў, што на момант рамана адной з жанчын было ад 20 да 30 гадоў, а другой — ад 30 да 40 гадоў.

Гейтс паведаміў, што падчас іх знаёмства Карыма Нігматуліна была звязаная з кампаніяй TerraPower, у якую ён інвеставаў. Ён таксама заявіў, што не абмяркоўваў з ёй Эпштэйна і нічога не ведае пра магчымыя кантакты паміж імі.

Карыма Нігматуліна — дачка вядомага расійскага навукоўца Роберта Нігматуліна. Яна атрымала адукацыю ў Прынстанскім універсітэце і Масачусецкім тэхналагічным інстытуце, працавала ў ЗША, а пазней вярнулася ў Расію і стала прафесаркай Расійскай акадэміі навук.

Падчас слуханняў Гейтс таксама расказаў, што Эпштэйн, магчыма, ведаў пра яго пазашлюбныя сувязі і мог разглядаць магчымасць шантажу. Сам Гейтс сцвярджае, што шантажу не было, але з электроннай перапіскі вынікала, што Эпштэйн цікавіўся гэтай тэмай.

Асобна абмяркоўваліся чарнавікі лістоў, у якіх сцвярджалася, што Гейтс нібыта асцерагаўся заражэння венерычнай хваробай ад адной са сваіх знаёмых і шукаў спосаб лячыць былую жонку Мелінду Фрэнч Гейтс без яе ведама. Гейтс адхіліў гэтыя сцвярджэнні і заявіў, што ніколі не хварэў на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, і не даваў нікому лекі таемна.

Таксама ён прызнаў яшчэ адзін пазашлюбны раман — з доктарам медыцынскіх навук Эліс Джэйкабс Несельрод. Паводле яго слоў, гэтыя адносіны завяршыліся яшчэ да знаёмства з Эпштэйнам.

Акрамя таго, Гейтс паведаміў, што сустракаўся з Эпштэйнам прыкладна 12—14 разоў у перыяд з 2010 па 2014 год і двойчы размаўляў з ім праз Skype. Пры гэтым ён адзначыў, што не выключае, што мог апынуцца ў адной кампаніі з людзьмі, якія пазней былі прызнаныя ахвярамі Эпштэйна, хаця раней адмаўляў такую магчымасць.

Самому Білу Гейтсу абвінавачанні ў сексуальным гвалце або ўдзеле ў злачынствах Эпштэйна не выстаўляліся. 

Чытайце таксама:

Біл Гейтс дасць паказанні Кангрэсу ЗША пра сувязі з Эпштэйнам

Біл Гейтс прызнаўся ў шлюбных здрадах з расіянкамі і ў тым, што Эпштэйн яго гэтым шантажаваў

Біл Гейтс шкадуе пра кожную хвіліну, праведзеную з Джэфры Эпштэйнам

Былая жонка Біла Гейтса выказалася наконт яго кантактаў з Эпштэйнам

Каментары да артыкула