Гул беспілотніка і гук выбуху чулі ў Гомелі ў гэтую ноч
У ноч на 26 чэрвеня над Гомелем пралятаў і, магчыма, выбухнуў беспілотны лятальны апарат. Жыхары сцвярджаюць, што каля 3‑й гадзіны чулі гук, характэрны для палёту ваеннага беспілотніка, а таксама выбух. Каля 2‑й гадзіны гул беспілотніка чулі ў Добрушы, піша «Флагшток».
Гомель уначы, ілюстрацыйнае фота
«Мяркуючы па гуку, дрон пакружыў, то аддаляючыся, то набліжаючыся, а потым паляцеў», — расказаў відавочца «Флагштоку».
«Над Любенскім гук узмацняўся, а потым аддаліўся, нібыта [дрон] паляцеў у бок моста на Чонкі», — напісала яшчэ адна гамяльчанка ў адной з сацыяльных сетак.
Некалькі чалавек паведамілі, што выбух у Гомелі быў чутны паміж 3‑й і 4‑й гадзінамі ночы як мінімум у Чыгуначным раёне (мікрараён «Сяльмашаўскі») і Савецкім раёне (мікрараён «Шведская Горка»).
Ці пралятаў над Гомельшчынай адзін беспілотнік, ці іх было некалькі, дакладна невядома, як і тое, якой мадэлі быў БПЛА.