Памёр былы міністр абароны Расіі Сяргей Іваноў
У яго біяграфіі — дзве цікавосткі ў 1970-х: Вышэйшыя курсы КДБ СССР у Мінску і вывучэнне англійскай мовы ў школе свабодных мастацтваў Ілінгскага каледжа ў Лондане.
Памёр былы міністр абароны Сяргей Іваноў, яму было 73 гады. Пра яго смерць паведаміла прэс-служба баскетбольнай Адзінай Лігі, дзе ён быў ганаровым прэзідэнтам, а таксама старшынёй Рады дырэктараў баскетбольнага ЦСКА.
Сяргей Іваноў нарадзіўся ў Ленінградзе 31 студзеня 1953 года. Ён скончыў перакладчыцкі факультэт Ленінградскага ўніверсітэта і вайсковую кафедру пры ім.
У 1975 годзе быў прыняты на службу ў КДБ і праз год скончыў Вышэйшыя курсы КДБ у Мінску (сёння — Акадэмія нацыянальнай бяспекі).
Таксама ў 1970‑я быў адпраўлены ў Лондан вывучаць англійскую мову ў Школе свабодных мастацтваў Ілінгскага каледжа ў Лондане.
У 1976—1977 гадах — супрацоўнік 1‑га аддзела Упраўлення КДБ па Ленінградзе і Ленінградскай вобласці, дзе працаваў у адным падраздзяленні разам з Уладзімірам Пуціным. Працаваў да 1985 года ў рэзідэнтуры ў Фінляндыі, а затым у Кеніі (куды, паводле ўласных слоў, быў пераведзены з-за свайго выкрыцця ў Еўропе Алегам Гардзіеўскім).
У 1991—1998 гадах працягваў працаваць у Службе знешняй разведкі Расіі. Быў намеснікам дырэктара ФСБ, сакратаром Рады бяспекі.
Міністрам абароны Расіі быў у 2001—2007 гадах, цалкам вегетарыянскіх як на сёння.
У 2007—2008 — першы віцэ-прэм'ер урада РФ, у 2011—2016 кіраваў Адміністрацыяй прэзідэнта Расіі. Апошняя пасада — спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па пытаннях прыродаахоўнай дзейнасці, экалогіі і транспарту (2016-2026).
Яго і Дзмітрыя Мядзведзева лічылі асноўнымі кандыдатамі на пасаду часовага пераемніка для Уладзіміра Пуціна ў 2008 годзе.
Пуцін зрабіў стаўку на Мядзведзева, якога ў той час лічылі значна больш ліберальным за канкурэнтаў.