БЕЛ Ł РУС

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

26.06.2026 / 19:04

Nashaniva.com

Відэа з’явілася напярэдадні візіту Лукашэнкі ў Расію. Аднак і відэа не выклікае даверу, і голас Рыжанкова, выглядае, падроблены.

Скрыншот з відэа

Расійскі каляпалітычны тэлеграм-канал «ЕЖ», які звязваюць з Крамлём, напярэдадні візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Расію апублікаваў відэа з нібыта перахопленай размовай міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова.

На запісе чалавек абмяркоўвае з падначаленым магчымую здзелку з амерыканскімі інвестарамі. На чорна-белым відэа нізкай якасці нейкі мужчына сядзіць на заднім сядзенні аўтамабіля і размаўляе па мабільным тэлефоне. Пры гэтым гук і відэашэраг не супадаюць.

Па словах мужчыны на аўдыя, здзелку з амерыканскім інвестарам асабіста кантралюе «Першы» — намёк на Аляксандра Лукашэнку. Гэта здзелка нібыта павінна «адчыніць дзверы» для Беларусі, а яе кошт «не мае ніякага значэння», бо ўсе выдаткі нібыта плануецца «кампенсаваць за кошт суседзяў». Гэта яўна намёк на магчымы продаж амерыканскім інвестарам у рамках «вялікай здзелкі» з Дональдам Трампам Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната калійных соляў.

Ніякага пацвярджэння сапраўднасці запісу або выкладзеных у ім сцвярджэнняў няма. Прычым голас гучыць непадобна да голасу міністра Рыжанкова, для маўлення якога ўласіцівыя характэрныя беларускія «сь» і «а». Таму гэтую інфармацыю варта ўспрымаць вельмі асцярожна, паколькі яна можа быць элементам спланаванай інфармацыйнай аперацыі. 

Чытайце таксама:

Лукашэнка паляцеў у Расію да Пуціна

Лукашэнка расказаў, што амерыканцы думаюць над купляй Нежынскага рудніка калійных соляў

Міхаіл Гуцэрыеў пацвердзіў нацыяналізацыю «Слаўкалія» і сказаў пра «завісанне» сваіх паўмільярда даляраў

Каментары да артыкула