БЕЛ Ł РУС

Ці пагражае беларусам рашэнне ЗША аб адмове ў надаванні прытулку? Патлумачылі ў Офісе Ціханоўскай

26.06.2026 / 19:55

Nashaniva.com

У Офісе Святланы Ціханоўскай заявілі, што рашэнне Вярхоўнага суда ЗША адносна праграмы Temporary Protected Status (TPS) пакуль не закранае непасрэдна грамадзян Беларусі, піша Reform.news.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Vecteezy.com

Дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў адзначыў, што ў інфармацыйнай прасторы з'явіліся паведамленні, якія могуць стварыць памылковае ўражанне, нібыта рашэнне амерыканскага Вярхоўнага суда тычыцца ўсіх замежнікаў, якія карыстаюцца часовай абаронай, у тым ліку беларусаў. Паводле яго слоў, гэта не адпавядае рэчаіснасці.

Ён растлумачыў, што рашэнне суда тычыцца менавіта праграмы TPS — механізму часовай гуманітарнай абароны, які даецца толькі грамадзянам краін, уключаных Міністэрствам унутранай бяспекі ЗША ў адпаведны пералік. Беларусь ніколі не ўваходзіла ў гэты спіс, а цяперашняе рашэнне тычыцца грамадзян Гаіці і Сірыі.

Марозаў таксама падкрэсліў, што TPS не з'яўляецца ні статусам бежанца, ні палітычным прытулкам. Гэта асобны механізм часовай абароны, які можа быць падоўжаны або скасаваны рашэннем амерыканскіх уладаў у залежнасці ад абставін.

У Офісе Святланы Ціханоўскай адзначылі, што, хоць у ЗША сапраўды назіраецца тэндэнцыя да ўзмацнення міграцыйнай палітыкі, пакуль няма падстаў сцвярджаць, што гэтыя змены аўтаматычна паўплываюць на беларусаў або прывядуць да перагляду іх прававога статусу.

«На сённяшні дзень рашэнне не змяшчае высноў, якія непасрэдна закранаюць грамадзян Беларусі. Мы працягваем уважліва сачыць за развіццём амерыканскай судовай практыкі і, калі з'явяцца рашэнні, што могуць непасрэдна паўплываць на беларусаў, абавязкова праінфармуем пра гэта асобна», — заявіў Леанід Марозаў.

Чытайце таксама:

ЗША не будуць прымаць людзей, якія просяць палітычнага прытулку на мексіканскай мяжы

У навічка НБА з топ-30 драфта бацька — беларус: вырас у галечы, дзеля развіцця сына прадаў матацыкл

Суд у Тэхасе даў гіганцкія тэрміны за напад на іміграцыйны цэнтр. Кіраўнік групы атрымаў 100 гадоў турмы

Каментары да артыкула