Украіна ўдарыла пяццю «Фламінга» па заводзе ў Валгаградзе, дзе вырабляюць «Арэшнік»
«Валгаград сустракае сезонную міграцыю фламінга з Украіны. Працяг будзе», — напісаў Дзяніс Штылерман, кіраўнік украінскай кампаніі, што вырабляе «Фламінга».
Кіраўнік украінскай кампаніі Fire Point Дзяніс Штылерман паведаміў, што Валгаград атакавалі крылатыя ракеты «Фламінга». Мясцовыя жыхары публікуюць кадры, на якіх відаць пападанні ракет у завод «Тытан-Барыкады».
Ударылі як мінімум пяццю ракетамі. Узніклі пажары.
Штылерман апублікаваў відэакадры, на якіх, як сцвярджаецца, відаць запуск пяці ракет. «Валгаград сустракае сезонную міграцыю фламінга з Украіны. Працяг будзе», — напісаў ён.
Мясцовыя жыхары паведамляюць пра выбухі ў горадзе, якія прагучалі каля чатырох гадзін раніцы па мясцовым часе. На адным з ролікаў відаць наўпрост, як ракета трапляе ў нейкі аб’ект і выбухае.
Мясцовыя ўлады пра ўдары не паведамлялі. Раней «Расавіяцыя» папярэджвала пра закрыццё аэрапорта Валгаграда.
Паводле даных Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, прадпрыемства ў Валгаградзе ўваходзіць у дзяржаўную карпарацыю «Раскосмас» і з’яўляецца распрацоўшчыкам і вытворцам самаходнай пускавой устаноўкі АТРК «Іскандэр-М», аўтаномнай пускавой устаноўкі ракетнага комплексу «Таполя-1». Там могуць вырабляць і «Арэшнік», пра месцы вырабу якога пакуль вядома менш.
Гэта ўжо другі вядомы ўдар па расійскіх абаронных прадпрыемствах за апошнія некалькі дзён. 22 чэрвеня ўкраінскія ракеты ўдарылі па Варонежы, дзе быў пашкоджаны завод паўправадніковых прыбораў, загінулі пяць чалавек.