БЕЛ Ł РУС

Дзе ў Мінску можна купацца і якія ўмовы на пляжах

27.06.2026 / 09:37

Nashaniva.com

У наступныя дні ў Мінску можа быць да 35 градусаў, таму гарадскія пляжы стануць месцам прыцягнення для тысяч мінчан. А дзе ў сталіцы можна купацца?

Спецыялісты раяць выбіраць афіцыйныя зоны купання — менавіта тут рэгулярна правяраюць якасць вады і сочаць за бяспекай адпачывальнікаў. У сталіцы такіх пляжаў 23, пішуць Мінск-навіны.

— Кожны прайшоў праверку: там ачышчана дно, адсутнічаюць моцныя плыні, ёсць усе ўмовы для камфортнага і бяспечнага адпачынку, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік МНС Яўген Бараноўскі.

— Карта даступная ў Telegram-канале і на інтэрнэт-партале МНС.

Заслаўскае вадасховішча — 8 пляжаў: № 1—6, 8 і 9

Як дабрацца: на звычайнай электрычцы да прыпынку «Мінскае мора», на аўтобусах № 407 або № 419 да прыпынку «Мінскае мора», № 435 да прыпынку «Санаторый «Юнацтва» (пляж № 9), на веласіпедзе па галоўнай мінскай веладарожцы.

Што ёсць: распранальні, біяпрыбіральні, прасторныя альтанкі з мангаламі і ляжакамі, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, воркаут-зоны, фуд-корты і водныя забавы.

Мінусы: мала парковачных месцаў.

Да гэтага купальнага сезона абнавілі пляж № 1. Тут стварылі агароджаную пляцоўку для пляжнага футбола, уладкавалі зручную драўляную дарожку да вады, а таксама ўсталявалі сучасныя зоны адпачынку з лаўкамі і столікамі.

Папулярнай фоталакацыяй сталі арэлі над вадой на пляжы №4, адкуль адкрываецца маляўнічы від на вадасховішча.

Цнянскае вадасховішча — 6 пляжаў: № 1—5 і 6 («Астраўны»)

Як дабрацца: аўтобусамі № 13, 24, 35, 87с, 109В, 157, 162, 175с, тралейбусамі № 1, 2, 46, 53 да аднайменнага прыпынку. Таксама каля пляжаў праходзіць веладарожка.

Што ёсць: распранальні, біяпрыбіральні, фуд-корты, зоны барбекю і варкаут-пляцоўкі. Для дзяцей ёсць атракцыёны і пляцоўкі для навучання плаванню, а для аматараў спорту — валейбольныя і футбольныя прасторы, настольны тэніс і водныя забавы.

Возера Камсамольскае — пляж № 6

Як дабрацца: аўтобусамі № 1, 29, 29д, 136, 44, 69, 73, 91 да прыпынку з аднайменнай назвай або тралейбусамі № 33, 38, 55, а таксама аўтобусамі № 62Э, 76Э і 133 да прыпынку «Нававіленская».

Што ёсць: распранальні, лаўкі з навесамі, душавыя і дзіцячыя пляцоўкі.

Мінусы: няма стацыянарных мангалаў, платны туалет.

Вадасховішча Дразды — 6 пляжаў: № 2, 5—9

Як дабрацца: аўтобусам № 91 да прыпынку «Вяснінка, 10» або аўтобусамі № 44, 119с, 136 да прыпынку «Вяснінка». На веласіпедзе па галоўнай мінскай веладарожцы.

Што ёсць: альтанкі з мангаламі, ляжакі, трэнажоры, паркавая зона з вадаспадамі, душавыя, фуд-корты і кавярні.

Сёлета на вадасховішчы забаронена купанне на пляжы № 7.

Вадасховішча Крыніца — 2 пляжы: № 3 і 4

Як дабрацца: аўтобусам № 136 да прыпынку «Аздараўленчы цэнтр «Ждановічы» або аўтобусамі № 414, 432, 435, 452 да прыпынку «Цэнтр рэабілітацыі».

Што ёсць: шэзлонгі, альтанкі, лаўкі, кабіны для пераапранання, ценявыя навесы, душавыя ўстаноўкі.

Побач з вадасховішчам — адна з самых адасобленых пляжных зон. Тут пануе спакойная прыродная атмасфера і звычайна менш адпачывальнікаў.

У Чыжоўскім вадасховішчы катэгарычна забаронена купацца.

Вадаём тэхнічны, і ўтрыманне забруджвальных рэчываў у вадзе і донных адкладах шматразова перавышае дапушчальныя санітарныя нормы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула