Наста Кудасава. Зноўку лета запальвае свечкі
Паэтка Наста Кудасава змясціла ў сваім фэйсбуку новы верш.
Наста Кудасава падчас прэзентацыі сваёй кнігі «Лірыка» ў Вільні, фота Радыё Свабода
Зноўку лета запальвае свечкі
ў касцёлах каштанаў,
дзе ў сутанах крылатых хрушчы
адпраўляюць імшу.
І гудуць у паветры асаны асы…
І каханы
кожны ўдых твой
і выдых твой,
дзеля якіх я пішу.
У галінчыных пальцах
зялёны трымціць малітоўнік,
ціха споведзь у дзюбах нясуць прылятане-шпакі…
Ты гарачым нязнаным святлом
маю цемру напоўніў,
і — калі штосьці можна прасіць —
я прашу, не пакінь!
Не аддай мяне злой адзіноце і з'едлівай скрусе…
Я шпачыхай няўзрочнай
прысяду ля вокнаў тваіх,
незаўважным крылом ахіну,
апяю,
памалюся
перад кожным каштанам
за кожны твой выдых
і ўдых.